Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці чакаюць Беларусь і Расею ў Азіі?


На мінулым тыдні ў Сочы прайшоў саміт Расея-АСЕАН. Ці адбываецца стратэгічны паварот Расеі на Ўсход і як гэта геапалітычна адаб’ецца на Беларусі?

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст, Уладзімер Глод.


Цыганкоў: У мінулую пятніцу, 20 траўня, у Сочы завяршыўся саміт Расея — АСЕАН. Па выніках сустрэч і перамоваў прынятая дэклярацыя аб узаемавыгадным стратэгічным партнэрстве.

Трэба адразу патлумачыць, што АСЕАН — гэта арганізацыя краінаў Паўднёва-Усходняй Азіі, у яе уваходзяць 10 дзяржаваў, такіх як Віетнам, Філіпіны, Малайзія, Інданэзія, Тайлянд. Але тры галоўныя, самыя эканамічна магутныя дзяржавы рэгіёну — Японія, Кітай і Паўднёвая Карэя ў гэтае аб’яднаньне не ўваходзяць. Як і Індыя, якая знаходзіцца на мяжы гэтага рэгіёну.

Лідэры Расеі і краінаў Паўднёва-Усходняй Азіі дамовіліся разьвіваць дыялёг на аснове роўнасьці і агульнай адказнасьці. Галоўныя напрамкі супрацоўніцтва — эканоміка, гандаль, энэргетыка, глябальная бясьпека, культура.

Паказальна, што ў 2015 годзе годзе таваразварот паміж Расеяй і Асацыяцыяй дзяржаваў Паўднёва-Усходняй Азіі склаў каля 14 мільярдаў даляраў. Для параўнаньня: у АСЕАН і Кітая ў пяць разоў больш. Пры гэтым за 2015 год таваразварот АСЕАН з Расеяй упаў на 40%.

Краіны гэтага рэгіёну не ўспрымаюць Расею як свайго асноўнага геапалітычнага партнэра.


Расейскі палітык Рыгор Яўлінскі выказаўся пра саміт Расея-АСЕАН вельмі рэзка: «Гэта паказушнае і дарагое для Расеі мерапрыемства пад дэвізам „Наш шлях на Ўсход, нам не патрэбны Захад“. Атрымліваецца размова ні аб чым». Яўлінскі лічыць, што канкураваць у гэтым рэгіёне з Кітаем немагчыма. А сапраўды, усе пералічаныя дзяржавы альбо непасрэдна мяжуюць з Кітаем, альбо знаходзяцца блізка ад яго праз мора.

Так што Расея спрабуе тут дагнаць больш пасьпяховых канкурэнтаў у гэтым рэгіёне. Безумоўна, апошнім часам Масква ўсё больш актыўна імкнецца паказаць Захаду, што, маўляў, на фоне санкцыяў і пагаршэньня адносінаў у Расеі ёсьць заўсёды геапалітычная альтэрнатыва. Выглядае, што гэта ілюзія. І сам Кітай, і краіны гэтага рэгіёну не ўспрымаюць Расею як свайго асноўнага геапалітычнага партнэра.

Што тычыцца беларускага аспэкту, то варта зьвярнуць увагу на словы Пуціна, які казаў пра пэрспэктыву стварэньня зоны вольнага гандлю паміж Эўразійскім эканамічных саюзам (ЭАЭС), куды ўваходзяць Расея, Беларусь, Казахстан, Армэнія і Кіргізстан, і АСЕАН. І Віетнам ужо заключыў з ЭАЭС пагадненьне аб зоне вольнага гандлю.

Пуцін нагадаў, што ЭАЭС функцыянуе па правілах Сусьветнай Гандлёвай Арганізацыі (СГА) і прадстаўляе сабой вялікі рынак на 180 мільёнаў чалавек. Тут варта нагадаць, што Беларусь дагэтуль у СГА не ўвайшла. Усе гэтыя пэрспэктывы якраз абапіраюцца на гэтую акалічнасьць. Таму менавіта для Беларусі гэтая пэрспэктыва абмежаваная.

Вызначаная стратэгічная мэта: каб да 2020 году як мінімум траціна беларускага экспарту ішла ў краіны «далёкай дугі».


Аднак для Беларусі краіны «далёкай дугі» апошнім часам становяцца вельмі важнымі, бо вызначаная стратэгічная мэта: каб да 2020 году як мінімум траціна беларускага экспарту ішла ў гэтыя краіны. Урэшце, ужо даўно ажыцьцяўляюцца і дзяржаўныя візыты ў той жа Віетнам. СМІ дакладаюць пра іх вялікія палітычныя подзьвігі, а потым галоўная мэта візыту — таваразварот — як мы бачым, асабліва не расьце. Гэта кажа пра тое, што сама беларуская прамысловасьць і яе нерэфармаваная частка ўпіраецца ў пэўную столь і ня можа павялічваць экспарт. Так што наўрад ці чыста палітычнымі сродкамі тут магчыма дасягнуць вялікага прарыву.

Дракахруст: Рашэньне Расеі сапраўды дастаткова зразумелае. З Захадам складаныя палітычныя адносіны, узаемныя санкцыі і падзеньне таваразвароту. Таму ідэя павярнуцца на Ўсход дастаткова натуральная.

Тым больш, што Злучаныя Штаты падчас усяго прэзыдэнцтва Барака Абамы асноўны націск рабілі на Азію. А расейцы, пры ўсёй нянавісьці да амэрыканцаў, вельмі часта малпуюць іх падыходы. Аднак плён аказаўся даволі сьціплы. Пару гадоў таму, калі былі праблемы з Эўразьвязам, расейцы горда заяўлялі, што ня трэба ім Эўразьвяз, што яны будуць з Кітаем супрацоўнічаць і газ туды прадаваць.

Прарыву ў супрацоўніцтве з Кітаем не адбылося. Не адбылося яго і з краінамі АСЕАН.

Ну, сёе-тое атрымалася дасягнуць, але, як кажуць ангельцы, д’ябал хаваецца ў дэталях. На ўзроўні гэтых дэталяў прарыву ў супрацоўніцтве з Кітаем не адбылося. Не адбылося яго і з краінамі АСЕАН. Гэтае аб’яднаньне — не Эўразьвяз. Гэта кшталту азіяцкага СНД. Фактычна трэба дамаўляцца з кожнай краінай, і гэта ня так проста, і тут геапалітыка ня ўсё тлумачыць.

Падыход амэрыканцаў больш канцэптуальны, стратэгічны, і за ім стаяць значна большыя грошы. Гэтая падпісаная дамова аб Трансціхаакіянскім супрацоўніцтве, да якога, акрамя ЗША, далучыліся і краіны АСЕАН, і Карэя, і Японія, і Аўстралія — усе, акрамя Кітая. Пра гэта нядаўна казаў прэзыдэнт Абама, што гэта абмежаваньне Кітая. Там гуляюць такія гульцы, і там яны маюць значэньне.

Глод: Магчыма нехта палічыць, што Расея, якая стратэгічна павернецца на Ўсход, пацягне за сабой і Беларусь, як краіну-партнэра па так званай саюзнай дзяржаве.

Я думаю, што спадзяваньні на супольны з Расеяй паход на Ўсход марныя. Адразу згадваецца працэс уступленьня Беларусі ў СГА, які дагэтуль працягваецца. У свой час афіцыйныя асобы Беларусі, пачынаючы ад Аляксандра Лукашэнкі, запэўнівалі: у СГА мы пойдзем разам з Расеяй. Чым гэта скончылася — вядома: Расея ўжо там, мы ўсё яшчэ рухаемся туды.

Беларусь самастойна асвойвае рэгіён краінаў Паўднёва-Усходняй Азіі.

Да таго ж Менску наагул не патрэбныя тут паслугі Крамля. Беларусь і без удзелу Расеі спрабуе даволі актыўна асвойваць рэгіён АСЕАН. Скажам, месяц таму на выставе «Віетнам ЭКСПА — 2016» былі прадстаўленыя 50 беларускіх кампаніяў. Прапаноўвалі звычайныя экспартныя пазыцыі — калійныя ўгнаеньні, сельскагаспадарчую тэхніку, харчы. Цяпер у Віетнаме ўжо зьбіраюць беларускія МАЗы.

Дарэчы, у амбасадара Беларусі ў Інданэзіі Ўладзімера Лапаты-Загорскага зьявілася яшчэ адна пасада — сталы прадстаўнік пры АСЕАН. То бок, Менск актыўна паводзіць сябе на гэтым рынку, не чакаючы развароту туды Масквы.

Ну, і для Беларусі, АСЕАН, акрамя эканамічных інтарэсаў, стаў сродкам падвышэньня свайго рэйтынгу на зьнешнепалітычнай арэне. Яшчэ ў верасьні 2011 году Нацыянальны сход Беларусі атрымаў статус назіральніка ў Міжпарлямэнцкай асамблеі АСЕАН. Паўтаруся, гэта было ў 2011 годзе, калі так званы беларускі парлямэнт не прызнаваўся шматлікімі міжнароднымі арганізацыямі.

Мая выснова такая — Беларусь самастойна асвойвае рэгіён краінаў Паўднёва-Усходняй Азіі. І таму Сочынскі саміт і яго магчымыя, я падкрэсьліваю, магчымыя, наступствы наўрад ці нешта прынцыпова зьменяць для палітыкі афіцыйнага Менску ў гэтым рэгіёне.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG