Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абарона байца «Правага сэктару» Аватарава абскардзіла прысуд


Тарас Аватараў у судзе 18 красавіка
Тарас Аватараў у судзе 18 красавіка

Раней Аватарава прысудзілі да 5 гадоў пазбаўленьня волі за незаконны абарот і кантрабанду выбуховай прылады.

Абарона Тараса Аватарава абскардзіла прысуд Фрунзэнскага раёну Менску ў Менскім гарадзкім судзе, паведамляе БелаПАН са спасылкай на ўласныя звесткі.

Байца Дабравольчага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару», 29-гадовага Тараса Аватарава суд першай інстанцыі 5 траўня асудзіў на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці за незаконны абарот і кантрабанду выбуховай прылады.

Адвакат раней прасіла апраўдаць Аватарава празь недаказанасьць віны.

Жыхар Наваполацку Тарас Аватараў быў затрыманы 26 лістапада 2015 году на менскім чыгуначным вакзале. У Аватарава міліцыянты забралі самаробную гранату, сыгнальны пісталет Макарава, бронекамізэльку, пасьведчаньне добраахвотніка «Правага сэктару» з Украіны.

Аватараў прызнаў незаконны абарот, але не незаконнае перамяшчэньне прыстасаваньня празь мяжу (знайшоў гранату на сваіх рэчах ў аўтамабілі, якім прыехаў у Гомель з Украіны, здаў выбуховае прыстасаваньне міліцыі добраахвотна).

Адвакат выказвала здагадку, што ніякага дасьледаваньня выбуховай прылады магло ня быць, а заключэньне аб выбухным характары прылады было зроблена на падставе зьвестак адмысловай літаратуры. Яна асабліва зьвярнула ўвагу суду на тое, што асноўная частка прылады — аскепкавая граната — была выпушчаная ў 1979 годзе, і гексаген, калі ён і быў ўнутры корпусу, даўно страціў свае ўласьцівасьці. Таму гаворкі аб незаконным абароце выбуховага прыстасаваньня ісьці ня можа. Таксама абаронца заявіла аб ілжэсьведчаньні супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі Аватарова, і пра тое, што няма фактаў, якія сьведчаць пра перавоз Аватаровым гранаты празь мяжу — і гэтаму няма сьведак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG