Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў згадаў, што ня верыў у сапраўднасьць подпісаў за Караткевіч яшчэ да выбараў


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Былы лідэр кампаніі «Гавары праўду» нагадаў пра ліст, які пісаў сыходзячы з кампаніі, у сувязі з новымі сумневамі ў сапраўднасьці 100 тысяч подпісаў за Караткевіч.

Уладзімер Някляеў, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, ініцыятар і старшыня кампаніі «Гавары праўду» да 8 красавіка 2015 году цяпер ня хоча даваць новых камэнтароў пра 100 тысяч подпісаў, сабраных за Тацяну Караткевіч да выбараў-2015.

Сапраўднасьць тых 100 тысяч нядаўна паставіў пад сумнеў былы сябра кампаніі Яраслаў Берніковіч — Някляеў жа на Facebook нагадаў пра свае сумневы яшчэ тых дзён, калі сыходзіў з апазыцыйных структураў.

«Ня бачу патрэбы паўтарацца, таму без камэнтароў, — піша Някляеў цяпер. — Замест іх — ліст, напісаны ў той час і зьвернуты да ўсіх актывістаў кампаніі. Да людзей, разам зь якімі пражыў я ня самы просты для мяне час, і да большасьці зь якіх мая ўдзячнасьць і павага застаюцца нязьменнымі».

У лісьце ад 20 жніўня 2015 году сярод іншага ён кажа пра збор подпісаў да выбараў-2015: ён зычыў посьпехаў кампаніі ва ўсім, у тым ліку ў выбарах, абумовіўшы ўдзел у іх толькі сумленным зборам подпісаў. І згадвае, што яшчэ тады яму выказвалі крыўду за сумневы ў сапраўднасьці 100 тысяч подпісаў.

«Сытуацыя складваецца так, што кандыдат ад „Гавары праўду“ можа стаць як бы адзіным кандыдатам ад апазыцыі, а значыць, сапраўднасьць сабраных за яго подпісаў проста ня можа выклікаць сумневу, — пісаў Някляеў у жніўні 2015-га. — І я ведаю, што подпісы, сабраныя Лідзіяй Сагідулінай, якая ўжо крыўдуе на мяне публічна, можна й не правяраць. Але ў ініцыятыўнай групе амаль 2000 чалавек — і ў большасьці выпадковыя людзі. Так заўсёды было, таму ад самага пачатку ў кампаніі „Гавары праўду“ была створаная служба ўнутранага кантролю, праверкі сапраўднасьці подпісаў. І спытайцеся ў яе кіраўніка, колькі выяўлялася падробак?..

Чаму ва ўсіх выпадках, нават пры зборы подпісаў па мясцовых, лякальных праблемах служба праверкі працавала, а на прэзыдэнцкіх выбарах, у сытуацыі, калі не павінна быць сумневу, што ў кампаніі „Гавары праўду“ ўсё па праўдзе, служба праверкі подпісаў не задзейнічаная?

А цяпер скажыце: чаму ва ўсіх выпадках, нават пры зборы подпісаў па мясцовых, лякальных праблемах служба праверкі працавала, а на прэзыдэнцкіх выбарах, у сытуацыі, калі не павінна быць сумневу, што ў кампаніі „Гавары праўду“ ўсё па праўдзе, служба праверкі подпісаў не задзейнічаная? Гэта можа выклікаць давер?..

Вы давяраеце гэтай службе? У мяне няма падстаў ёй не давяраць. Дык давайце падключым яе. Адкрыта праверым сапраўднасьць подпісаў — і пакінем у баку ўсё астатняе. Калі рэальны вынік супадзе з заяўленым, я першы павіншую кампанію „Гавары праўду“, як наймацнейшую апазыцыйную структуру, з посьпехам і падтрымаю на выбарах — як адзінага кандыдата — Тацяну Караткевіч».

У выніку Някляеў не віншаваў кампанію і не падтрымаў Караткевіч на выбарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG