Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы ў чачэнскім судзе: Нашто факты, калі ёсьць электраток?


Мікалай Карпюк (справа) і Станіслаў Клых
Мікалай Карпюк (справа) і Станіслаў Клых

Украінцы Мікалай Карпюк і Станіслаў Клых, судовы працэс над якімі адбываецца цяпер у Вярхоўным судзе Чачэнскай рэспублікі Расеі, прызнаныя калегіяй прысяжных вінаватымі ва ўсіх выстаўленых ім абвінавачваньнях.

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, украінцы, будучы сябрамі УНА-УНСО, прыбылі ў Чачню, дзе на пераломе 1994-95 гадоў ваявалі на баку Аслана Масхадава і Шаміля Басаева. У сутыкненьнях на тэрыторыі прэзыдэнцкага палацу, плошчы «Мінутка» і чыгуначнага вакзалу Грознага яны нібыта забілі ня менш як 30 расейскіх вайскоўцаў і ня менш як 13 паранілі. Паводле сьледзтва, групоўка ўкраінскіх нацыяналістаў у Чачні насіла назву «Вікінг». Пасьля заканчэньня першай чачэнскай вайны большасьць вярнулася дадому. У 2014 годзе Карпюк і Клых уехалі на тэрыторыю Расеі, паводле словаў прадстаўніка сьледчага камітэту Расеі Ўладзіміра Маркіна, «страціўшы пільнасьць або забыўшы, што ў нас «ніхто не забыты, нішто не забыта» і былі затрыманыя спэцслужбамі.

Абвінавачваньні Карпюка і Клыха будуецца на паказаньнях толькі аднаго сьведкі, Аляксандра Малафеева. Цяпер ён асуджаны на 24 гады, пажыцьцёвага зьняволеньня ён пазьбег толькі дзякуючы заключэньню дасудовага пагадненьня са сьледзтвам. Прысуд яму быў вынесены ў 2015 годзе, а ў 2014-м у яго паказаньнях ўпершыню зьявіліся Карпюк і Клых, відавочна, адразу пасьля затрыманьня ўкраінцаў у Расеі. Зь яго ж паказаньняў паўстала анэкдатычная гісторыя пра ўдзел у баявых дзеяньнях у Чачні былога прэм’ер-міністра Ўкраіны Арсенія Яцанюка.

Сёньня пад час выступу з апошнім словам Карпюк казаў пра катаваньні, а Клых у пацьвярджэньне загарнуў калашыны сваіх спартовых штаноў і паказаў абпаленыя ногі.

«Усё, што створана ў гэтай крымінальнай справе, будуецца на тым, што мяне прымусілі ўзьвесьці на сябе паклёп. Навошта факты, доказы, калі існуе электрычны ток. Не атрымалася электрычным токам, мне сказалі: заўтра тут будзе твой малы сын, і зь ім будуць рабіць тое, што рабілі з табой. Тады я сказаў: „Так, я падпішу ўсю вашу ганебную хлусьню“. І падпісаў», - сказаў Мікалай Карпюк. Нягледзячы на ўмяшаньні судзьдзі, ён працягваў: «Адзінае злачынства маё перад Расеяй — гэта тое, што я ўкраінец. Як зь мяне жартуюць тут чачэнцы: «Ты што, Мікалай, ня ведаў, што ў Расейскай Фэдэрацыі быць украінцам — гэта крымінальнае злачынства? Цяпер ведаю », — казаў Карпюк, апрануты ў вышыванку.

Тэрмін зьняволеньня ўкраінцам працягнуты на 3 месяцы. На падставе вэрдыкту прысяжных суд павінен яшчэ абвясьціць прыгавор. Як мяркуе адвакат Надзеі Саўчанкі Марк Фейгін, аднаму зь іх — Карпюку можа пагражаць і пажыцьцёвае зьняволеньне.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паабяцаў прыкласьці ўсе намаганьні, каб вызваліць Мікалая Карпюка і Станіслава Клыха, якіх ён адносіць да ўкраінскіх палітзьняволеных у Расеі. «Паводле Менскіх пагадненьняў усе зьняволеныя павінны быць вызваленыя. Даў адпаведныя даручэньні МЗС і СБУ», напісаў Парашэнка у Фэйсбуку.

Пад'езд да сьледчага ізалятару ў Грозным, дзе трымаюць Карпюка і Клыха.
Пад'езд да сьледчага ізалятару ў Грозным, дзе трымаюць Карпюка і Клыха.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG