Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім кінатэатры «Беларусь» пройдзе першы ў краіне кінапаказ для дзяцей з парушэньнем зроку


Пакуль адаптаваныя 4 фільмы з фонду «Беларусьфільма», плянуецца 12. Першыя паказы — «Прыгоды Бураціна» і «Белыя Росы».

У межах праекту «Бязьмежнае кіно» грамадзкая арганізацыя «БелТІЗ» зладзіць кінапаказы для дзяцей з парушэньнямі зроку. Фільмы будуць дэманстравацца з так званай аўдыёдэскрыпцыяй.

25 траўня ў менскім кінатэатры «Беларусь» вучням малодшых клясаў 188-й школы пакажуць «Прыгоды Бураціна», у той жа дзень у Гародні пройдзе паказ адаптаваных «Белых Росаў».

На экране будзе дэманстравацца арыгінальны фільм, але гукавая дарожка будзе дапоўненая камэнтарамі пра тое, што адбываецца на экране, распавялі Свабодзе ў «Беларусі». Для паказаў з аўдыёдэскрыпцыяй не патрэбнае нейкае спэцыфічнае абсталяваньне, толькі апрацаваны фільм.

Такія адаптаваныя паказы праходзяць у Беларусі ўпершыню. Пакуль адаптаваныя фільмы «Белыя Росы», «Прыгоды Бураціна», «Горад майстроў» і «У жніўні 44-га». Але ў плянах «БелТІЗ», кажа Свабодзе старшыня Менскай абласной арганізацыі «БелТІЗ» Сьвятлана Сянько, адаптацыя 12 фільмаў з фонду «Беларусьфільма». Для дзяцей з парушэньнем зроку паказы бясплатныя, хоць беларускае заканадаўства прадугледжвае бясплатныя кінапаказы толькі для дзяцей-сіротаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG