Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні зьявілася бібліятэка, названая ў гонар Ларысы Геніюш


Настаяцель Калоскай царквы протаярэй Аляксандар Балоньнікаў
Настаяцель Калоскай царквы протаярэй Аляксандар Балоньнікаў

Беларуская бібліятэка, якая носіць імя адной з найвыбітнейшых беларускіх паэтак — Ларысы Геніюш, зьявілася ў царкоўнапрыходзкім комплексе гарадзенскай Сьвята-Барысаглебскай царквы.

Настаяцель Барысаглебскай царквы протаярэй Аляксандар Балоньнікаў сказаў Свабодзе, што кожны сумленны чалавек разумее: Ларыса Геніюш была сапраўднай вызнаўцай тых хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, якія павінны быць у чалавека і якія царква павінна выхоўваць у чалавеку:

— Яе вернасьць Богу мы бачым праз усё ейнае жыцьцё: і ў сталінскіх лягерах яна сьведчыла аб гэтым празь любоў да сваіх сукамэрнікаў, а нават і да тых, хто зьдзекаваўся зь яе. А калі яна жыла ў Зэльве, была прыхаджанкай Траецкай царквы, сваімі сіламі дапамагала царкве, не баялася паўставаць за веру і за сьвятара. За свае асабістыя сродкі дапамагла царкве правесьці электрычнасьць, з таго аксаміту, які прыслалі ёй на сукенку, зрабіла аклад для прастольнага Эвангельля, якое дагэтуль захоўваецца ў царкоўным музэі і нагадвае пра яе шчырую веру. Акрамя ўсяго, яна была добрым, сардэчным чалавекам — гэта ўспаміны ўсіх людзей, хто яе памятае. Таму мы лічым, што яна заслугоўвае такой памяці, бо мы павінны браць зь яе жыцьця прыклад і ў любові да Беларусі, і ў вернасьці сьвятой праваслаўнай царкве.

Айцец Аляксандар распавёў, што ў бібліятэцы цяпер крыху болей за тысячу выданьняў. Большасьць зь іх — царкоўныя кнігі, выдадзеныя ў Беларусі, Расеі, ва Ўкраіне і Польшчы. Значную частку фонду складаюць кнігі беларускіх клясыкаў, адмыслова сабраныя для бібліятэкі. На паліцах стаяць выданьні Ўладзімера Караткевіча, Васіля Быкава, Максіма Багдановіча, Зоські Верас, Якуба Коласа і іншых беларускіх літаратараў.

На паліцах бібліятэкі імя Ларысы Геніюш
На паліцах бібліятэкі імя Ларысы Геніюш

Бібліятэка адкрытая для ўсіх, ня толькі для гарадзенцаў. Мы даем чытаць кнігі і тым, хто прыяжджае да нас зь іншых гарадоў. У праваслаўнай моладзі ёсьць зацікаўленасьць беларускай кнігай. Наша бібліятэкарка складае каталёг у кампутары, а моладзь на сайце стварае каталёг, каб чытачу зручна было знайсьці тое, што ў нас ёсьць, і без праблемаў замовіць патрэбную кнігу. Спадзяёмся, што бліжэйшым часам на нашым сайце будзе адкрыты доступ да гэтага каталёга.

У Беларусі імем Ларысы Геніюш бібліятэка названая ўпершыню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG