Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі распрадае элітныя апартамэнты ў Сочы


Сярэдні кошт аднапакаёвых апартамэнтаў — каля 90 тысяч даляраў, за двухпакаёвыя просяць ужо 160 тысяч, за трохпакаёвыя — амаль 300 тысяч даляраў.

Дзяржаўная ўстанова «Санаторый «Беларусь» Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь арганізуе адкрыты аўкцыён па продажы апартамэнтаў і гаражных боксаў у гатэлі апартамэнтнага тыпу, разьмешчанага па адрасе: г. Сочы, вул. Політэхнічная, 62, — гаворыцца на афіцыйным сайце санаторыя.

На сайце паведамляецца, што апарт-гатэль складаецца з 106 апартамэнтаў рознага мэтражу, 50 гаражных боксаў і яшчэ 40 памяшканьняў офіснага тыпу — усе яны выстаўленыя на продаж. Аўкцыён праводзіць беларускае РУП «Інстытут нерухомасьці і ацэнкі».

Скрыншот з афіцыйнага сайту санаторыя
Скрыншот з афіцыйнага сайту санаторыя

Гатэль апартамэнтнага тыпу — гэта 13-павярховы комплекс, збудаваны паводле маналітнай тэхналёгіі. Будынак быў уведзены ў эксплюатацыю год таму — у красавіку 2015 году. Зямельны ўчастак, дзе разьмешчаны гатэль, займае плошчу 155 600 кв.м і перададзены дзяржаўнай установе «Санаторый «Беларусь» у карыстаньне на праве арэнды да 2062 году.

«Гатэль разьмешчаны ў адным з самых экалягічна чыстых куткоў першай курортнай зоны гораду Сочы, у непасрэднай блізкасьці ад дзяржаўнай рэзыдэнцыі прэзыдэнта Расеі „Бочаров Ручей“. Інфраструктура ўключае ў сябе: дэндралягічны парк, адкрыты і закрыты басэйн, спартзалю, тэнісныя корты, спартыўныя пляцоўкі, лыжна-ролерную трасу, кафэ, зону адпачынку. З вокнаў від на Чорнае мора і горы Каўказу», — рэклямуе сябе апарт-комплекс.

На сёньня з 106 апартамэнтаў прададзена 27, з 50 гаражоў — 11.

Сярэдні кошт аднапакаёвых апартамэнтаў — каля 90 тысяч даляраў, за двухпакаёвыя просяць ужо 160 тысяч, за трохпакаёвыя — амаль 300 тысяч даляраў.

Дырэктар санаторыя «Беларусь» у Сочы Андрэй Кобель сказаў Свабодзе, што продаж апартамэнтаў адбываецца таму, што «такое распараджэньне зрабіў Аляксандар Лукашэнка. Але і першапачаткова санаторый будавалі як камэрцыйны праект і хацелі на гэтым зарабіць. Цяпер гэты праект рэалізуецца, грошы паступаюць у бюджэт».

«Першапачаткова гэта быў камэрцыйны праект, які будавалі з мэтай далейшай рэалізацыі. Вызначаны парадак продажу — гэта адкрыты аўкцыён. Продажы ўжо адбываюцца. На самыя цікавыя аб’екты знаходзіцца па некалькі пакупнікоў, на менш цікавыя — можа быць па адным. На некаторыя аб’екты ў ходзе аўкцыёну адбываецца павышэньне цаны на 20%, што сьведчыць пра тое, што цікавасьць да апартамэнтаў ёсьць. Вядома, трэба ўлічваць, што рынак нерухомасьці ў Сочы перанасычаны — вельмі шмат чаго набудавалі на Алімпіяду-2014, але паціху нашы апартамэнты прадаюцца. Мы нават цану паднялі, бо пачаў павышацца попыт».

Андрэй Кобель патлумачыў, што сярод пакупнікоў — беларусы і расейцы.

«Пераважна, вядома, набываюць расейцы, але ёсьць і беларусы. Апартамэнты набываюць для адпачынку. Жыць пастаянна тут, напэўна, ніхто ня будзе. Дый не прадугледжаная магчымасьць прапіскі ці рэгістрацыі ў гатэлі».

Увогуле, справы ў санаторыя «Беларусь», паводле словаў дырэктара, ідуць добра. Калі казаць пра «коечны фонд» — а гэта значная частка санаторыя, якая не прадаецца, у адрозьненьне ад апартамэнтаў, — то ўсе пуцёўкі ўжо выкупленыя да канца кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG