Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: у Бэрліне не ўдалося дамовіцца па выбарах на Данбасе


Міністры замежных спраў Украіны, Расеі, Францыі і Нямеччыны падчас сустрэчы ў Бэрліне. 11 траўня 2016 году
Міністры замежных спраў Украіны, Расеі, Францыі і Нямеччыны падчас сустрэчы ў Бэрліне. 11 траўня 2016 году

Міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін заявіў, што падчас сустрэчы кіраўнікоў МЗС «нармандзкай чацьвёркі» ў Бэрліне ў сераду не ўдалося дасягнуць кансэнсусу з расейскім бокам па ключавых для афіцыйнага Кіева ўмовах для правядзеньня выбараў на Данбасе.

Клімкін патлумачыў, што расейскі бок прадставіў свае варыянты выбарчага заканадаўства. «Але я сказаў спадару Лаўрову, што мы здольныя самі напісаць украінскае заканадаўства і ніякія парады нам не патрэбныя», — падкрэсьліў Клімкін. Ён дадаў, што для Кіева прынцыповым зьяўляецца пытаньне адміністраваньня мясцовых выбараў на Данбасе.

Лаўроў, у сваю чаргу, заявіў, што правядзеньне выбараў на Данбасе немагчымае без выкананьня шэрагу ўмоваў. У прыватнасьці, паводле яго слоў, павінен быць закон аб выбарах, які будзе ўзгоднены з Данецкам і Луганскам.

«І, вядома, ніякія выбары немагчымыя, пакуль ня будзе амністыі», — сказаў Сяргей Лаўроў.

Напярэдадні сустрэчы ў Бэрліне нямецкі міністар Франк-Вальтэр Штайнмаер адзначаў, што будзе прасоўваць пагадненьне аб правядзеньні мясцовых выбараў на ўсходзе Ўкраіны ў раёнах, якія кантралююцца прарасейскімі сэпаратыстамі, да моманту заканчэньня ў канцы ліпеня тэрміну дзеяньняў санкцыяў Эўразьвязу ў дачыненьні да Масквы.

Як сказаў Штайнмаер, працэс рэалізацыі менскіх дамоўленасьцяў аб спыненьні агню, вырашэньне палітычных пытаньняў, у прыватнасьці пытаньня аб выбарах, прасоўваюцца «у лепшым выпадку, з хуткасьцю сьлімака». «Гэта ня можа працягвацца незразумела колькі», — дадаў міністар замежных спраў Нямеччыны.

У нармандзкім фармаце ўкраінскага ўрэгуляваньня ўдзельнічаюць Расея, Нямеччына, Францыя і Ўкраіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG