Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйна: стронцый у малацэ з фэрмы пад Хвойнікамі не перавышае норму


Праведзена праверка на фэрме, дзе журналісты знайшлі радыяактыўнае малако.

Дэпартамэнт па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС заявіў, што ў малацэ фэрмэрскай гаспадаркі «Родны шлях» (Хвойніцкі раён, Гомельская вобласьць) нормы ўтрыманьня радыянуклідаў не перавышаныя.

Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік упраўленьня рэабілітацыі пацярпелых тэрыторыяў дэпартамэнту Дзьмітры Паўлаў.

Паводле пратаколу выпрабаваньняў Хвойніцкай вэтстанцыі, якія былі праведзеныя з 27 красавіка па 6 траўня, фактычнае ўтрыманьне стронцыю-90 у малацэ склала 1,91±0,53 Бк/кг пры норме ня больш як 3,7 Бк/кг. Памер партыі, зь якой было адабрана тры літры малака для выпрабаваньняў, складаў 421 кіляграм.

Паводле Паўлава, малако адпавядае нормам утрыманьня стронцыю-90.

Пасьля публікацыі агенцтва Аssociated Press аб перавышэньні радыяцыйных нормаў у малацэ фэрмэрскай гаспадаркі, разьмешчанай недалёка ад чарнобыльскай зоны, Дэпартамэнт па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС ініцыяваў праверку.

Агенцтва паведаміла, што малако з фэрмы ў Хвойніцкім раёне, якое паступае на гомельскае прадпрыемства «Мілкавіта», праверылі на радыянукліды ў Менскім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі і выявілі ў ім дзесяцікротнае перавышэньне нормы ўтрыманьня стронцыю-90.

Пазьней у Менскім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі гэтыя дадзеныя абверглі. Там заявілі, што па ўтрыманьні цэзію-137 малако адпавядала норме, а вымярэньне на стронцый-90 не праводзілася.

XS
SM
MD
LG