Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Аляксандар Талерчык


Аляксандар Талерчык каля помніка Антону Валынчыку ў Горадні
Аляксандар Талерчык каля помніка Антону Валынчыку ў Горадні

У Горадні на 84-м годзе жыцьця памёр Аляксандар Талерчык, грамадзкі актывіст, краязнаўца, адзін з пачынальнікаў «Паходні», мэцэнат, пэдагог, руплівец беларушчыны, аўтар кнігі пра сваю вёску Парэчча ў Слонімскім раёне.

Спадара Аляксандра вельмі цёпла ўзгадваюць як гарадзенцы, так і актывісты са Слоніма, куды ён заўсёды любіў прыяжджаць. Добра ведаў гісторыю свайго краю, вельмі хваляваўся за тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі.

У 2002 годзе выдаў кнігу «Парэчча» пра вёску, дзе нарадзіўся, аднавіўшы яе 450-гадовую гісторыю. У кнізе шмат матэрыялу прысьвечана роду Валовічаў, якія былі ў той час гаспадарамі Парэчча. Узгадаў паўстанцаў 1830-31 гадоў, а да ўсяго зафундаваў сродкі на аднаўленьне мэмарыяльнага знака ў Парэччы паўстанцам, якія загінулі ў барацьбе супраць Расейскай імпэрыі.

Пра памерлага кажа Сяргей Чыгрын, зямляк і аднадумца:

Сяргей Чыгрын
Сяргей Чыгрын

— Мне сёньня ўзгадалася, як Аляксандра Талерчыка віталі аднавяскоўцы, калі ён да іх наведваўся: гэта радасьць, абдымкі як з самым родным чалавекам. Я быў пры гэтых сустрэчах ня раз і заўсёды ўражваўся такой пашане да яго. Ён іх усіх добра ведаў, як ведаў сваю вёску, яе гісторыю, а таксама гісторыю нашай краіны. Хаця паводле адукацыі быў інжынэрам, а не гісторыкам. Імкнуўся як мага болей зрабіць для беларускасьці, нічога не адкладваў на заўтра. Вось трэба было дамагчыся ўсталяваць помнік кампазытару Антону Валынчыку ў Горадні, пайшоў адразу зь іншымі сябрамі ТБМ да абласнога начальства і дамогся. Дзякуючы яму і ягоным сродкам усталявалі мэмарыяльны знак і крыж Міхалу Валовічу і іншым паўстанцам на могілках у Парэччы. На гэта ён не шкадаваў ні сродкаў ні сілаў. А сам Аляксандар Талерчык — сьціплы, інтэлігентны чалавек — ніколі не хваліўся тым, што зрабіў, папросту імкнуўся пашыраць добрыя справы. У асабістым жыцьці давялося шмат перажыць: загінуў ягоны сын, памерла жонка, ён вельмі цяжка ўсё гэта перажываў. Я думаю, пра яго яшчэ будуць узгадваць людзі, якія яго ведалі.

Былая пахаднянка Людміла Мацюк распавядае, што памятае спадара Талерчыка з першых паседжаньняў «Паходні».

У ім папросту сьвяцілася любоў да ўсяго беларускага, ён імкнуўся да гэтага і стараўся перадаваць гэтую любоў іншым.

— Найперш спадар Аляксандар уражваў сваёй беларускай сьціпласьцю і інтэлігентнасьцю, заўсёды ветлівы і добразычлівы. Ён, як і я, быў інжынэрам паводле адукацыі, але мяне вельмі ўражвала тое, наколькі глыбока ён ведаў гісторыю. Калі рабіў нейкія даклады, то мне здавалася, што гэта прафэсійны гісторык выступае. А яшчэ ў ім папросту сьвяцілася любоў да ўсяго беларускага, ён імкнуўся да гэтага і стараўся перадаваць гэтую любоў іншым. І вялікім рупліцам быў, працаваў безь перапынку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG