Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны ніколі ня плацяць». Ці пачнецца новая газавая вайна?


Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: «Газпром трансгаз Беларусь», даччынае прадпрыемства «Газпрома», падаў у суд, лічачы, што беларускія абласныя газавыя прадпрыемствы недаплачваюць за прыродны газ, які пастаўляецца ў краіну. Пра гэта паведаміў журналістам віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка пасьля адкрыцьця Беларускага прамысловага форуму.

Нагадаем, пытаньне аб зьніжэньні цаны на расейскі газ беларускі бок падымаў ня раз на самым розным узроўні. У прыватнасьці, нядаўна прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў: «Што тычыцца прыроднага газу, то яго кошт на пачатку 2014 году складаў 165 даляраў за тысячу кубамэтраў. Гэта было пры курсе расейскага рубля 32–33 за даляр. На 1 студзеня 2015 году ў нас цана на газ стала 142 даляры. Пры гэтым даляр стаў каштаваць больш за 60 расійскіх рублёў. Лягічна, што газ ужо павінен каштаваць парадку 80 даляраў, а ў нас 142».

Беларусь сама трапіла ў пастку прывязкі да цьвёрдай цаны на газ, за якую Менск гэтак доўга змагаўся. Калісьці гэта было выгадна, але пасьля таго як цана на сусьветным рынку ў тры разы ўпала — то беларусы сталі закладнікамі гэтай схемы

Абодва бакі ўжо спрабавалі дамовіцца пра новую цану, але пакуль безвынікова. 13 студзеня віцэ-прэм’еры Расеі і Беларусі Аркадзь Дварковіч і Ўладзімер Сямашка правялі перамовы, аднак не змаглі дасягнуць дамоўленасьцяў наконт зьніжкі на газ.

26 лютага міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімер Патупчык паведаміў журналістам, што міністэрствам энэргетыкі Беларусі і Расеі даручана прадставіць прэм’ер-міністрам прапановы па зьмене формулы цаны на расейскі газ.

Беларусь сама трапіла ў пастку прывязкі да цьвёрдай цаны на газ, за якую Менск гэтак доўга змагаўся. Калісьці гэта было выгадна, але пасьля таго як цана на сусьветным рынку ў тры разы ўпала — то беларусы сталі закладнікамі гэтай схемы.

Але звычайна такія дэбаты выйграе афіцыйны Менск. Бо расейцам ня хочацца губляць і беларускі рынак, і беларускія транзытныя магчымасьці — таму, як мне здаецца, шмат зь якіх прычынаў яны зараз ня будуць распачынаць шырокамаштабную газавую вайну. Вядома, непрыемна, калі табе перастаюць плаціць паводле кантракту ці пачынаюць плаціць менш, — але што зробіш, калі ў сілу ўступаюць геапалітычныя матывы.

У мяне такі прагноз, што празь некалькі месяцаў афіцыйны Менск тым ці іншым чынам даб’ецца зьмяненьня формулы ці зьніжэньня цаны на газ. Але ўся гэтая гісторыя паказвае, што ўсе гэтыя дасягненьні, прывязаныя да нейкай цаны, спачатку здаюцца здабыткам, а потым пры падзеньні гэтай цаны, аказваюцца мінусам.

Дракахруст: Згодны, што хутчэй за ўсё гэта скончыцца кампрамісам. Але варта адзначыць, што ці не ўпершыню расейскі бок зьвярнуўся ў стасунках да бліжэйшага саюзьніка, партнэра па Саюзнай дзяржаве, у міжнародны арбітраж. То бок да нейкага нэўтральнага пасярэдніка, каб вырашыць гэты «спор славян между собою».

Калі мы параўнаем гэтую сытуацыю з сытуацыяй 2010 году, тады там і пра сумы гаворка ішла меншыя. Здаецца, там было каля 200 мільёнаў, прычым, як высьветлілася напрыканцы, і Расея была вінная Беларусі прыкладна столькі ж. То бок можна было проста разьлічыцца па клірынгу, але мы памятаем, якія тады былі скандалы. Тады Расея дзейнічала не праз арбітраж, а проста праз кран. І гэта ўсё адбывалася на фоне жорсткай ідэалягічнай кампаніі, на фоне «хросных бацькаў» і ўсяго іншага. Гэта было часткай агульнай кампаніі.

Па трэндзе, хутчэй за ўсё, гэта скончыцца мірам ці ўвогуле судовым рашэньнем, у выніку якога, на жаль, Беларусь прайграе

Цяпер мы ня бачым нічога падобнага. Імаверна, што арбітраж вырашыць сытуацыю на карысьць Расеі, паколькі дамова ёсьць. Яна стала кепскай, але ж гэта справа такая — у бізнэсе людзі заключаюць дамовы, сытуацыі мяняюцца ў лепшы, горшы бок, гэта рызыка і выйгрыш таксама. Па трэндзе, хутчэй за ўсё, гэта скончыцца мірам ці ўвогуле судовым рашэньнем, у выніку якога, на жаль, Беларусь прайграе. Хоць я б прыгадаў кантэкст выступу Аляксандра Лукашэнкі, дзе ён казаў і пра інфармацыйную вайну, і ўвогуле гэтае пасланьне было вытрыманае ў жорсткім даволі стылі адносна Расеі. Можа, гэта нейкія далёкія зарніцы вялікага канфлікту — такога, як у 2010-м. І спрэчка па газу — не ізаляваны сюжэт, а, магчыма, элемэнт больш шырокага пагаршэньня стасункаў.

Карбалевіч: Пытаньне ня проста аб элемэнтарнай завінавачанасьці — такога ў беларускай эканоміцы цяпер шмат, бо ў прадпрыемстваў няма чым плаціць. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра сьвядомую пазыцыю — плаціць менш, чым патрабуе «Газпром». Гэтая пазыцыя прынятая на дзяржаўным узроўні, яе агучыў віцэ-прэм’ер Сямашка.

І ў гэтай пазыцыі два моманты. Беларускі ўрад па-іншаму трактуе дамоўленасьці, падпісаныя ўрадамі Беларусі і Расеі ў 2011 годзе. Што бывае даволі часта. Нават пасьля перамоваў паміж прэзыдэнтамі ня раз высьвятлялася, што бакі па-рознаму зразумелі, пра што яны дамовіліся.

Падзеньне сусьветных нафтавых цэнаў разбурае адну з крыніц расейскай эканамічнай падтрымкі Беларусі, а значыць, і зьмяншае ступень эканамічнай залежнасьці Беларусі ад Расеі

Другі момант. Беларускі бок апэлюе да таго, што сусьветныя цэны на нафту ўпалі. Да іх прывязаныя і цэны на газ. Таму Беларусь лічыць, што тыя дамоўленасьці, якія былі ў пэрыяд высокіх нафтавых цэнаў, не адпавядаюць новай рэальнасьці і таму несправядлівыя.

Тут праблема больш шырокая. Падзеньне сусьветных нафтавых цэнаў разбурае адну з крыніц расейскай эканамічнай падтрымкі Беларусі, а значыць, і зьмяншае ступень эканамічнай залежнасьці Беларусі ад Расеі. І гэта дазваляе кіраўніцтву Беларусі паводзіць сябе больш свабодна. Гэта выяўляецца ўвогуле ў замежнай палітыцы Беларусі. Напрыклад, у разьвіцьці адносін з Захадам, Украінай, Грузіяй, Турэччынай, што выклікае незадавальненьне Масквы.

І вось і ў гэтым газавым пытаньні Беларусь пачынае дзейнічаць з пазыцыі сілы, явачным парадкам усталёўваць сваю цану на газ. І гэта элемэнт ціску на Маскву, каб у гэтым пытаньні яна пайшла на саступкі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG