Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 5 траўня: Дзень Эўропы, кангрэс беларускай культуры, аднаўленьне ЗБС


Галоўны будынак акадэміі навук Беларусі, дзе адкрываецца Кангрэс беларускай культуры.

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры адкрыецца ў сталіцы.

У ім прымуць удзел вядомыя культуролягі, гісторыкі, этнографы, літаратуразнаўцы і мовазнаўцы Беларусі, Расеі, Украіны, ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Японіі, Ірану, Польшчы, Літвы, Славаччыны (Нацыянальная акадэмія навук, пачатак а 10-й).

Найстарэйшая студэнцкая арганізацыя Беларусі «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» плянуе сёньня аднавіць сваю дзейнасьць. Як заяўляюць удзельнікі, цяпер у Задзіночаньня «новая каманда, новыя мэты, сьвежыя ідэі і лепшыя традыцыі». Прэс-канфэрэнцыя пройдзе ў Прэс клюбе па вул. Веры Харужай 3-601, пачатак у 18:30.

Інваліды-калясачнікі праводзяць мітынг, каб зьвярнуць увагу на праблему безбар’ернага асяродзьдзя ў Беларусі. Цэнтральная сцэнічная пляцоўка парку Дружбы народаў, пачатак а 12-й.

У Гомелі ў тайм-кафэ «Флэт» адбудзецца адкрытая дыскусія на тэму «Грамадзкія супольнасьці Гомеля: канфлікт ці супраца?» Пачатак а 18-й.

У Маладзечне пройдзе гарадзкі квэст «Жыцьцё і дзейнасьць Міколы Ермаловіча» (бібліятэка «Верасок», пачатак а 18-й).

У гісторыі:

1581 — У горадзе Астрогу выйшаў каляндар Івана Фёдарава. Да кожнага месяцу былі надрукаваныя вершы беларускага паэта Андрэя Рымшы.

1891 — у Нью-Ёрку адчынілася канцэртная заля Карнэгі-хол, дырыжорам першага канцэрту быў Пётр Чайкоўскі.

1945 — пачалося антынацысцкае паўстаньне ў Празе.

1949 — у Лёндане падпісаны Статут Рады Эўропы. Гэтая дата адзначаецца цяпер як Дзень Эўропы.

1978 — адкрыўся Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы

2011 — у Менску пачаўся працэс «Някляева —Рымашэўскага» — двух экс-кандыдатаў на прэзыдэнта, якіх абвінавацілі ў грубым парушэньні грамадзкага парадку. Разам зь імі па справе праходзілі таксама члены ініцыятыўных груп.

У гэты дзень нарадзіліся:

1599 — Олівер Кромвэль, лідэр англійскай рэвалюцыі, пасьля яе перамогі — лорд-пратэктар Англіі

1818 — Карл Маркс, эканаміст, рэвалюцыянэр

1819 —Станіслаў Манюшка, польскі і беларускі кампазытар, нарадзіўся ў Менску.

1831 — Уладзіслаў Борзабагаты, паўстанцкі камісар Навагрудзкага павету падчас паўстаньня.

1846 — Генрык Сянкевіч, пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1917 — Юры Багушэвіч, беларускі пісьменьнік, перакладчык

1921 — Рыгор Булацкі, беларускі пэдагог, гісторык, першы дэкан факультэту журналістыкі БДУ.

1934 — Аляксей Гардзіцкі, беларускі літаратуразнаўца.

1936 — Васіль Якавенка, беларускі празаік, публіцыст, грамадзкі дзеяч, першы старшыня аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту

1960 — Юрась Беленькі, беларускі палітык, дэпутат апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня.

У гэты дзень памерлі:

1821 — Напалеон I Банапарт, францускі імпэратар.

1918 — Ніко Пірасмані, грузінскі мастак-прымітывіст

1977 — Людвіг Эрхард, нямецкі палітык і эканаміст, «бацька» пасьляваеннага нямецкага «эканамічнага цуду», канцлер Нямеччыны ў 1963-1966 гадах.

Цытата:

«Вайна і каханьне —вось дзьве адзіныя рэчы, дзеля якіх варта нарадзіцца і жыць».

Генрык Сянкевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG