Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк убачыў гатоўнасьць уладаў Беларусі да рэформаў


Кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Рэспубліцы Беларусь Ян Чул Кім лічыць, што беларуская эканоміка мае ўсе неабходныя складнікі для выхаду з рэцэсіі.

«Апошнія гады паказалі, што Беларусь можа супрацьстаяць розным эканамічным шокам, якія справакаваныя звонку. Калі паглядзець лічбы, то яны выклікаюць пэўную заклапочанасьць у дачыненьні да цяперашняй рэцэсіі, але разам з тым мы добра настроеныя адносна пэрспэктыў росту эканомікі Беларусі», — заявіў Ян Чул Кім на прэзэнтацыі эканамічнага агляду па Беларусі ад Сусьветнага банку.

Ян Чул Кім
Ян Чул Кім

Па словах Ян Чул Кіма, апошнім часам Сусьветны банк бачыць «пасьлядоўны і пільны падыход» беларускага ўраду да стабілізацыі макраэканамічнай сытуацыі:

«Як вы ведаеце, мы сумесна з Саветам міністраў і Нацбанкам Рэспублікі Беларусь распрацоўвалі „дарожную мапу“ структурных рэформаў у Беларусі. Я неяк увечары сеў і пачаў складаць сьпіс тых стратэгічных зьмяненьняў і новых ініцыятыў, якія сёньня назіраюцца, і гэты сьпіс склаў больш як адну старонку. Гэта азначае, што зьмены, якія грунтуюцца на „дарожнай мапе“, ужо рэалізуюцца ў Рэспубліцы Беларусь. Калі параўнаць цяперашнюю сытуацыю з сытуацыяй двухгадовай даўнасьці, то можна сказаць, што сёньня існуе відавочная гатоўнасьць праводзіць структурныя рэформы, якія накіраваныя на павышэньне канкурэнтаздольнасьці эканомікі», — сказаў кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку.

Паводле прагнозу Сусьветнага банку, у 2016 годзе ВУП Беларусі зьнізіцца на 3% і яшчэ на 1% — у 2017-м. У 2018-м ня выключана, што ВУП вырасьце, але нязначна — прыкладна на 0,3%.

Як падкрэсьліў экспэрт прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі Кірыл Гайдук, прагноз росту эканомікі ў 2018 годзе грунтуецца не на гіпатэтычным паляпшэньні зьнешніх умоў (кшталту росту замежных інвэстыцыяў ці цэнаў на нафту), а на мерах ураду Беларусі па скарачэньні дырэктыўнага крэдытаваньня і рэструктурызацыі дзяржпрадпрыемстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG