Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька папракае Раду Эўропы: Нельга даваць грошы нашай судовай сыстэме, якой няма


Анатоль Лябедзька ў судзе
Анатоль Лябедзька ў судзе

28 красавіка на адкрыцьці міжнароднай канфэрэнцыі «Прафэсійнае навучаньне судзьдзяў і пракурораў. Падыход Рады Эўропы» карэспандэнт Свабоды нагадаў прадстаўніку Рады Эўропы Філіпу Буая пра суды над актывістамі апазыцыі і запытаў, чаму ў гэтых умовах Рада Эўропы разьлічвае навучыць беларускіх судзьдзяў і пракурораў.

«Мне цяжка адказаць, бо я ня ведаю пэўных фактаў, на якія вы спасылаецеся. Што я магу зрабіць у гэтым становішчы, — гэта прыцягнуць увагу да стандартаў Рады Эўропы ў гэтых пытаньнях», — адказаў Філіп Буая і патлумачыў, што навучаньне мае на мэце «наблізіць Беларусь да прававых стандартаў Эўропы».

Старшыню АГП Анатоля Лябедзьку за апошнія паўгода больш за 5 разоў штрафавалі на вялікія сумы за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту. Паводле Анатоля Лябедзькі, міліцыянты, якія сьведчылі супроць яго на тых працэсах, давалі ілжывыя паказаньні, але судзьдзяў гэта не зацікавіла. Анатоль Лябедзька мяркуе, што навучаньне беларускіх судзьдзяў і пракурораў на канфэрэнцыі, якую зладзілі пры ўдзеле Рады Эўропы, ніяк не наблізіць іх да стандартаў эўрапейскай дэмакратыі.

«Мяркую, інвэстыцыі ў тое, чаго не існуе, — гэта дрэнная практыка. Нельга выдзяляць гранты на судовую сыстэму, якой няма ці якая ўяўляе сабой палітычны рэпрэсіўны канвэер. Калі праводзіць такія мерапрыемствы, там абавязкова павінны прысутнічаць два, а то і тры бакі. Калі вы запрашаеце туды судзьдзяў і пракурораў, дык запрашайце і іх ахвяраў. Тады гэта будзе дыскусія. Яна можа быць непрыемнай, яна можа быць вострай, але толькі яна можа паказаць, якія ёсьць рэаліі ў Беларусі. Бо калі слухаць толькі Сукалу, дык ён ніколі ня будзе гаварыць пра дэградацыю судовай сыстэмы, а будзе гаварыць нейкія стандартныя словы. Таму было б добра, каб тыя, хто арганізоўвае падобныя канфэрэнцыі, у дадзеным выпадку Рада Эўропы, адпачатку настойвалі на тым, што там павінна быць пляцоўка для дыскусіі, дзе розныя бакі будуць адстойваць розныя пункты гледжаньня. Гэта тое, чаго яны ня робяць. Другое, — хай бы спадар Буая папрысутнічаў на судовых працэсах, калі людзей будуць судзіць толькі за факт прысутнасьці на Дні Волі, дарэчы, дазволеным. Дзякуй журналістам, якія ставяць перад імі гэтыя пытаньні, хай яны тады чырванеюць за гэтую практыку. Бо гэта вядзе толькі ў тупік».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG