Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС хоча больш жорстка караць «злодзеяў у законе»


Ігар Шуневіч (у цэнтры)
Ігар Шуневіч (у цэнтры)

Кіраўніцтва МУС Беларусі выступіла за тое, каб зрабіць больш жорсткай адказнасьць лідэраў крымінальнага асяродзьдзя.

Пра гэта паведамляе БЕЛТА:

«Намі падрыхтаваны новы законапраект аб узмацненьні жорсткасьці барацьбы з асабліва небясьпечнымі відамі злачынстваў агульнакрымінальнай накіраванасьці ў дачыненьні да лідэраў крымінальнага асяродзьдзя. Кіраўнік дзяржавы распарадзіўся ў бліжэйшы час абагульніць усю наяўную інфармацыю па дадзенай тэматыцы, каб з зацікаўленымі кампэтэнтнымі органамі абмеркаваць гэтыя прапановы на нарадзе зь яго ўдзелам», — заявіў міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч пасьля дакладу Аляксандру Лукашэнку.

Міністар растлумачыў, што МУС, у прыватнасьці, прапануе ўвесьці ў правапрымяняльную практыку новыя дэфініцыі, каб ідэнтыфікаваць лідэраў злачыннага асяродзьдзя:

«Ёсьць пэўныя тэрміны, як „злодзей у законе“, „аўтарытэт“ і гэтак далей. І мы б хацелі, каб такія лідэры несьлі асаблівую адказнасьць за свае дзеяньні па кіраваньні злачыннасьцю на нашай тэрыторыі. Больш суровую, чым усе астатнія ўдзельнікі злачынных арганізацыяў», — сказаў ён.

Па словах Шуневіча, пра эфэктыўнасьць працы праваахоўных органаў па спыненьні дзейнасьці падобных злачынных лідэраў можа сьведчыць той факт, што зь пяці вядомых «злодзеяў у законе» чацьвёра цяпер у месцах пазбаўленьня волі.

«На мой погляд, гэта эфэктыўны спосаб вырашэньня такой праблемы. У далейшым, мы мяркуем, асаблівых зьменаў не адбудзецца ні ў структуры злачыннасьці ў гэтай частцы, ні ў частцы нашага рэагаваньня. А калі такі закон з нашай ініцыятывы будзе прыняты, мы атрымаем дадатковы інструмэнт для таго, каб больш эфэктыўна паралізаваць разьвіцьцё гэтых працэсаў у крымінальным сьвеце», — падкрэсьліў міністар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG