Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух «За Свабоду» раздаў 5 тысяч улётак на Чарнобыльскі шлях


Юрась Губарэвіч раздае ўлёткі

25 красавіка актывісты руху «За свабоду» раздавалі каля кінатэатру «Кастрычнік» і Акадэміі навук улёткі з запрашэньнем на Чарнобыльскі шлях. Тлумачылі, што менавіта тут, каля станцыі мэтро «Акадэмія навук», 26 красавіка, у 30-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС, а 18-й гадзіне прызначаны збор. Месцы людныя — побач інтэрнаты і вучэбныя карпусы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, акадэмічныя інстытуты. Збольшага людзі ахвотна бралі ўлёткі, зь цікавасьцю чыталі. Былі і такія, якія хуценька зьбягалі, распавёў першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Ва ўлётках — 6 фактаў пра наступствы аварыі на ЧАЭС: 70% радыеактыўных ападкаў выпала на тэрыторыю Беларусі; 20% лясоў забруджаныя; 6 тысяч квадратных кілямэтраў земляў больш не выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы; 110 тысяч беларусаў былі адселеныя; 30% насельніцтва мае хваробы шчытападобнай залозы; «ёдны ўдар» атрымалі амаль усе беларусы.

І патрабаваньні:

— Мы хочам ведаць праўдзівую статыстыку пра хваробы пасьля аварыі на ЧАЭС

— Мы хочам ведаць, колькі радыяцыі ў нашай ежы

— Мы хочам, каб наша ежа вырошчвалася на чыстай тэрыторыі

— Мы ня хочам АЭС на беларускай зямлі

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец паведаміў, што яны надрукавалі 5 тысяч улётак і ўсе ўжо раздалі. Акцыя прайшла безь перашкодаў і затрыманьняў.

Заяўка на правядзеньне Чарнобыльскага шляху была пададзеная 8 красавіка. Аргкамітэт прапаноўваў уладам дазволіць збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля Нацыянальнай акадэміі навук з 18.00 да 19.00. Пасьля плянавалася прайсьці маршам па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля», а затым правесьці мітынг і ўскладаньне кветак. Акцыю плянавалі завяршыць да 21.00.

Гарадзкія ўлады задаволілі яе амаль цалкам, за выключэньнем таго, што месца збору перанесьлі на іншы бок праспэкта Незалежнасьці, да кінатэатра «Кастрычнік», а час збору скарацілі на паўгадзіны.

Беларуская апазыцыя праводзіць «Чарнобыльскі шлях» штогод, пачынаючы з 1988 году. Выключэньнем стаў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсьце і далі дазвол толькі на мітынг.

Ганаровай старшынёй аргкамітэту Чарнобыльскага шляху сёлета стала нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG