Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грынпіс» патрабуе не скарачаць падтрымку людзей, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС


Міжнародная экалягічная арганізацыя «Грынпіс» (Greenpeace) заклікала прэзыдэнтаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны не скарачаць сацыяльную падтрымку людзей, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Пра гэта на міжнароднай канфэрэнцыі «Чарнобыль+30» у Менску паведаміў кіраўнік энэргетычнай праграмы «Грынпісу» Рашыд Аліеў.

Паводле яго слоў, збор подпісаў пад пэтыцыяй да кіраўнікоў трох краін «Грынпіс» ініцыяваў у пачатку красавіка.

На канфэрэнцыі Аліеў прэзэнтаваў сьвежы агляд Greenpeace «Атамныя шрамы: шматгадовая спадчына Чарнобылю і Фукусімы». У аснову гэтага дакумэнту леглі вынікі некалькіх падрабязных дасьледаваньняў, у межах якіх вывучанае заражэньне пацярпелых раёнаў і ўплыў аварыі на здароўе насельніцтва. Акрамя таго, эколягі правялі шэраг палявых дасьледаваньняў у Расеі, ва Ўкраіне і ў Японіі ў раёнах, дзе жывуць людзі, якія найбольш пацярпелі ад катастроф.

Прадстаўнік «Грынпісу» распавёў, што ініцыяваць збор подпісаў пад пэтыцыяй на адрас лідэраў трох ўсходнеэўрапейскіх краін было вырашана пасьля трывожных зьменаў у стаўленьні ўладаў да заражаных тэрыторый і іх жыхароў. Так, у кастрычніку мінулага году ўрад РФ значна скараціў сьпіс населеных пунктаў са статусам зоны адсяленьня. Акрамя таго, нядаўна ў Расеі былі адмененыя нормы па ўтрыманьні цэзію і стронцыю для шэрагу харчовых прадуктаў, уключаючы мяса птушкі, а гэта павышае рызыку шырокага распаўсюджваьння прадукцыі з заражаных раёнаў.

«Для людзей, якія там жывуць, гэта азначае страту мер сацыяльнай падтрымкі. З іншага боку, калі згодна з расійскім заканадаўствам лесакарыстаньне, сельская гаспадарка, збор грыбоў і ягад, паляваньне і рыбалоўства ў зоне адсяленьня забароненыя, то на тэрыторыях, якія адносяцца да радыяцыйна забруджаных, але ня маюць асаблівага статусу, такой забароны афіцыйна няма», — растлумачыў Аліеў.

Ён заявіў, што ў Беларусі, Расіі, ва Ўкраіне назіраецца тэндэнцыя, калі ўлады спрабуюць «скінуць зь сябе гэты цяжар і не дапамагаць пацярпелым ад ядзерных аварый». «Гэта агульная тэндэнцыя, і тое, што адбываецца ў нашых трох краінах цяпер, мабыць, будзе адбывацца ў Японіі празь нейкі час. Ужо зараз мы можам канстатаваць, што ўрад Японіі прыкладае намаганьні па вяртаньні жыхароў у раёны, дзе апраменьваньне даходзіць да 20 мЗв на год, што ў 20 разоў больш за гранічную гадавую дозу апраменьваньня, усталяваную для насельніцтва», — падкрэсьліў прадстаўнік «Грынпіса».

Вынікі палявых дасьледаваньняў, праведзеных на замову экалягічнай арганізацыі, паказалі значнае перавышэньне ўтрыманьня радыенуклідаў у прадуктах харчаваньня — малацэ, рыбе, грыбах і ягадах, а таксама ў драўніне на тэрыторыі Бранскай вобласьці Расеі, Роўненскай вобласьці Украіны і іншых рэгіёнаў.

На сёньняшні дзень, згодна з рознымі ацэнкамі, прыблізна 5 млн чалавек жывуць на забруджаных тэрыторыях, у тым ліку прыблізна 1,1 млн — у Беларусі, 1,6 млн — у Расіі, 2,3 млн — ва Ўкраіне. Пры гэтым прыкладна мільён зь іх жыве на тэрыторыях, пра якія дакладна вядома, што доза апраменьваньня там перавышае 1 мЗв у год. Такая сытуацыя прыкладна ў 400 населеных пунктах ва ўсіх трох краінах, адзначыў Аліеў.

Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН. http://by.belapan.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG