Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чаканьні «хросных бацек»


Беларуска-расейскім адносінам уласьцівая няўмольная цыклічнасьць, яе вельмі дакладна апісвае формула варажбы на рамонак: «да сэрца прыцісьне — да чорта пашле». Мяркуючы па штогадовым пасланьні прэзыдэнта Лукашэнкі, цяпер адносіны апынуліся ў другой фазе.

Не, з ідэалягічнага пункту гледжаньня ўсё ідылічна — было сказана і пра «адзіны народ», і пра выратаваных прэзыдэнтам рускіх, «якія сядзелі на валізках у пачатку 90-х», і пра стратэгічны выбар на карысьць Расеі, зроблены ў спрадвечныя часы, і пра «культурны славянскі сьвет», створаны рускімі, беларусамі і украінцамі.

Але ў канкрэтнай плашчыні гучалі ў асноўным прэтэнзіі: расейскія СМІ «паклёпнічаюць», прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў, насуперак дамоўленасьцям у рамках Эўразійскага саюзу, заяўляе аб стварэньні альтэрнатыўнага МЗКЦ вытворчасьці ў РФ, даць Беларусі радовішча нафты Масква ня хоча.

На самай справе гэтыя папрокі былі рэалізацыяй прынцыпу: лепшая абарона — гэта наступ. Мяркуючы па ўсім, у Маскве нарастае раздражненьне недастаткова ляяльнай палітыкай Менску, паляпшэньнем яго адносінаў з ЭЗ.

У Беларусі ўжо даўно ідуць спрэчкі аб тым, што азначаюць даволі шматлікія абвінавачваньні на адрас беларускага кіраўніцтва ў «здрадзе Расеі», «павароце на Захад», у вырошчваньні нацыяналізму. Зьяўляліся падобныя публікацыі галоўным чынам у выданьнях кшталту «Взгляда», «Спутника и погрома», у агенцтве Regnum, гэта значыць у прэсе хоць і не зусім маргінальнай, але і не мэйнстрымнай. Гэта не было падобна (пакуль, прынамсі) на «абстрэл» Украіны галоўнымі расейскімі інфармацыйнымі «калібрамі». Беларуская спрэчка ішла пра тое, што ж гэта азначае. Расея — не СССР, дзе адна лінія строга вытрымлівалася ад «Праўды» да завадзкой насьценгазэты. Дык падобныя публікацыі былі і ёсьць адлюстраваньнем лініі Крамля альбо самадзейнасьцю пэўных палітычных сілаў у Расеі?

З пакрыўджаных заяў, што прагучалі ў пасланьні, вынікае, што адказ улады — хутчэй адлюстраваньне лініі Крамля. Можа, пакуль і не галоўнай, але цень новых «хросных бацек» Менск за гэтымі публікацыямі ўбачыў даволі выразна.

Дарэчы, рэкамэндацыя дзяржаўнай прэсе, якая прагучала ў пасланьні, стаць больш зубастай, і даваць адпор ворагу не абавязкова датычыцца толькі «агентаў сусьветнага імпэрыялізму». Яна можа датычыцца і прыгаданых публікацыяў расейскіх СМІ. Прэзыдэнт, кажучы аб гэтым, скарыстаўся мэтафарай Маякоўскага наконт «штыха і пяра». Але калі казаць пра «штыхі», то ў новай ваеннай дактрыне РБ да галоўных пагрозаў аднесеныя як «каляровыя рэвалюцыі», у інсьпірацыі якіх абвінавачваюць Захад, гэтак і гібрыдныя войны, у арганізацыі якіх абвінавачваюць дакладна не Захад. А вядома каго. «Салдатам пяра», магчыма, дадзенае ўказаньне ў адпаведнасьці з дактрынай і дзейнічаць.

У пасланьні прагучала вельмі знамянальная характарыстыка цяперашніх стасункаў з ЭЗ, як «гаварыльні». Гэта вызначэньне — пасланьне як Брусэлю, гэтак і Маскве. Эўразьвязу паведамляецца, што хацелася б больш хуткага плённага эканамічнага ўзаемадзеяньня, а кажучы прасьцей — фінансавай падтрымкі. Расея вось грошай дала, а што эўрапейцы адлыньваюць? Бо адносіны як паляпшаюцца, так могуць і пагоршыцца. Праўда, незразумела, якая бяда ад гэтага Эўропе ў цэлым станецца, але пэўныя палітычныя колы ў ЭЗ у паляпшэньне адносін з Беларусьсю ўклаліся, ім гэта пасланьне і адрасаванае.

Але ня ў меншай, а можа і ў большай ступені яно адрасаванае саюзьніку, маўляў, не хвалюйцеся, нічога такога ў Беларусі з Эўропай няма, ніякіх рэальных праектаў няма, асацыяцыі няма, супрацоўніцтва з НАТО накшталт рады НАТО-РФ няма, словам, гаварыльня адна.

Але пры гэтым — «Беларусь ня будзе ў Расеі хлопчыкам на пабягушках». Расейскія СМІ, паведамляючы аб пасланьні беларускага прэзыдэнта, цытавалі ў першую чаргу гэтую фразу. Выцягваць расейскае кіраўніцтва на блізкі бой, на прамы канфлікт, дакладней, пераводзіць схаваны канфлікт у адкрыты, заўсёды было тактыкай прэзыдэнта Беларусі.

Такі канфрантацыйны стыль, «дыпляматыя скандалу», не пазбаўлены рацыянальнасьці. Гэта даволі эфэктыўны і псыхалягічна абгрунтаваны спосаб праверкі межаў дапушчальнага. Можна, вядома, нарвацца на гэткі ж жорсткі адказ, скажам, не на зьніжэньне, а на падвышэньне крытычнага градусу ў публікацыях пра Беларусь расейскіх СМІ, фігуральна кажучы, на порцыю чарговых «хросных бацек» на фэдэральных каналах. Але на цяперашнім узроўні крытыка ня захаваецца ў любым выпадку, Масква пойдзе ў атаку або адступіць. А для атакі настрою асабліва няма, тут незразумела, як з Украінай, санкцыямі, нафтай усё павернецца.

Зрэшты, калі Масква пойдзе на абвастрэньне, то менавіта тады і толькі тады Менск можа зрабіць і крок назад, «гаварыльня» ж можа і застацца «гаварыльняй». А ў адваротным выпадку скандал адваюе дадатковую прастору свабоды манэўру.

Ну, а кінуўшы шырокі погляд на рэтраспэктыву двухбаковых адносінаў, цяжка не прыйсьці да высновы, што ўсё гэта ўжо было, і круцей бывала, аднак фазы беларуска-расейскай варажбы на рамонку пераходзілі адна ў другую з дакладнасьцю гадзіньнікавага мэханізму. «Любіць — ня любіць, плюне — пацалуе». Ды вядома ж, любіць. А калі цяпер ня любіць, дык заўтра ўжо пэўна палюбіць. Плюнуў сёньня, дык заўтра пацалуе. І наадварот.

І на самай справе — якія такія пабягушкі? Навошта кудысьці бегчы, калі на рамонку яшчэ так шмат пялёсткаў?

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG