Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці хочуць перайменаваць Ленінскі раён


Ілюстрацыйнае фота. Помнік Леніну ў Берасьці
Ілюстрацыйнае фота. Помнік Леніну ў Берасьці

Берасьцейскія сацыял-дэмакраты накіравалі зварот у гарадзкі савет дэпутатаў з просьбай зладзіць грамадзкія слуханьні аб перайменаваньні аднаго з раёнаў абласнога цэнтру — Ленінскага.

У звароце прадстаўнікі БСДП(Г) зьвяртаюць увагу, што назва Ленінскага раёну супярэчыць артыкулу 4 Канстытуцыі — «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыцьцяўляецца на аснове разнастайнасьці палітычных інстытутаў, ідэалёгій і поглядаў. Ідэалёгія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, сацыяльных груп ня можа ўстанаўлівацца ў якасьці абавязковай для грамадзян».

«Уладзімер Ленін, у гонар якога названы цэлы раён горада, зьяўляецца носьбітам адной ідэалёгіі, адной партыі. Нават з гістарычнага пункту гледжаньня ён ня ўнёс ніякага ўкладу ў лёс раёна. У той жа час на тэрыторыі раёна адбывалася шмат важных гістарычных падзеяў. Напрыклад, Берасьце першым зь беларускіх гарадоў у 1390 годзе атрымала Магдэбурскае права. Тут у 1409 годзе адбылася сустрэча Вітаўта і Ягайлы, дзе быў прыняты плян барацьбы з крыжакамі. У 1553 годзе тут адчынілася першая ў Беларусі тыпаграфія, дзе была выдадзена ўнікальная Берасьцейская Біблія. Дый шмат іншых падзеяў і асобаў вартыя ўшанаваньня ў назьве раёну», — кажа актывіст БСДП(Г) Андрэй Ваўчок.

Ленінскі раён Берасьця быў утвораны 7 красавіка 1978 году ўказам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР. Сацыял-дэмакраты даводзяць, што назва раёну ў той час адпавядала канстытуцыйнаму ладу і ідэалёгіі існуючай дзяржавы. Аднак, кажа Андрэй Ваўчок, пасьля таго як у 1991 годзе СССР спыніў сваё існаваньне, незалежная Беларусь не зьяўляецца яго правапераемнікам.

Калі грамадзкае абмеркаваньне дазволяць, сацыял-дэмакраты мяркуюць накіраваць прапановы, якія будуць на ім выпрацаваныя, у Савет міністраў і прэзыдэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG