Разбураныя некалькі прыбярэжных гарадоў. Паводле сьведчаньня Reuters, ратавальнікі разьбіраюць завалы ў пошуках тых, хто выжыў, часам — голымі рукамі.
Прэзыдэнт напісаў: «Афіцыйная лічба (ахвяраў) павялічылася да 233, раён Таркі-дэ-Манта вельмі пацярпеў, будынкі разбураныя, віцэ-прэзыдэнт накіроўваецца ў (горад) Портавіеха». Паводле Карэа, сам ён вылятае ў горад Манта. «Прыярытэтам зьяўляецца выратаваньне тых, хто застаецца пад абломкамі, пры дапамозе ратавальнікаў з-за мяжы».
Паводле дадзеных уладаў, пацярпелі ад наступстваў стыхіі больш за 1500 чалавек. Пры гэтым інфармацыя з шэрагу раёнаў абмежаваная з-за пашкоджаньняў ліній сувязі і электраперадач.
Карэа адзначыў, што прыняты захады для забесьпячэньня грамадзкага парадку, падрыхтаваны прытулак: «Уся краіна мабілізаваная, дзякуй зьнешняму сьвету за салідарнасьць».
Падземныя штуршкі магнітудай 7,8 былі зафіксаваныя ў Эквадоры ў ноч на нядзелю. Эпіцэнтар землятрусу разьмяшчаўся за 28 кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад населенага пункту Муіснэ. Ачаг землятрусу залягаў на глыбіні 20,2 кілямэтры. На ўсёй тэрыторыі краіны ўведзена надзвычайнае становішча ў сувязі з ударам стыхіі.