Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване расейскую амбасаду закідалі яйкамі


У Ерэване сотні гараджан выйшлі на дэманстрацыю, каб асудзіць продаж ўзбраеньняў з Расеі ў Азэрбайджан. Гэта, на думку ўдзельнікаў акцыі, прывяло да ўспышкі баявых дзеяньняў 2 красавіка ў Нагорным Карабаху і вакол яго.

Пратэстоўцы, большасьць з іх маладыя актывісты, прыйшлі да расейскага пасольства ў сталіцы Армэніі, скандуючы «Ганьба!» і «Свабодная, незалежная Армэнія!». Некаторыя зь іх кідалі яйкі ў бок будынку, што выклікала кароткую бойку з АМАПам. Адзін з арганізатараў пратэсту зачытаў пэтыцыю з патрабаваньнем неадкладна спыніць пастаўкі расейскай зброі ў Азэрбайджан. Ён таксама паведаміў, што Масква павінна «выканаць абавязацельствы», якія вынікаюць з ваеннага саюза з Армэніяй.

Расея, як паведамляецца, прадала Азэрбайджану танкі, баявыя верталёты, артылерыйскія сыстэмы і іншыя наступальныя ўзбраеньні на 4 мільярды даляраў у адпаведнасьці з кантрактамі, заключанымі ў 2009-2011 гадах.

Урад Армэніі публічна асудзіў гэтыя пастаўкі пасьля таго, як успыхнулі жорсткія сутыкненьні ўздоўж армяна-азэрбайджанскай «лініі судакрананьня» у Карабаху.

Прынамсі 65 армянскіх салдат былі забітыя ў ходзе баявых дзеяньняў. Пры расейскім пасярэдніцтве іх удалося прыпыніць перамір’ем, заключаным 5 красавіка .

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў апраўдваў пагадненьні па продажы зброі Азэрбайджану пасьля таго, як пабываў у Ерэване на мінулым тыдні: ён заявіў, што яны спрыяюць умацаваньню «ваеннага балянсу» у зоне канфлікту. Ён лічыць што калі Масква ня будзе пастаўляць ўзбраеньні Армэніі і Азэрбайдану, абодва ваюючыя бакі будуць купляць зброю ў іншых краін.

Раней на гэтым тыдні віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітры Рагозін назваў абурэньне з боку Армэніі «дэмагогіяй». Расея была галоўным пастаўшчыком зброі і ў армянскую армію. У мінулым годзе, напрыклад, Масква выдзеліла крэдыт памерам 200 мільёнаў даляраў, які Ерэван можа выдаткаваць на куплю расейскай зброі па льготных коштах.

Але армянскія крытыкі аргумэнтуюць, што ў адрозьненьне ад Азэрбайджану Армэнія зьяўляецца сябрам Арганізацыі Дагавору аб калектыўнай бясьпецы, які ўзначальвае Расея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG