Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 14 красавіка: прэзэнтацыя кнігі «Алексіевіч на Свабодзе» у Палацы рэспублікі, новыя ліміты на тавары з-за мяжы


Сьвятлана Алексіевіч.
Сьвятлана Алексіевіч.

Радыё Свабода і Саюз беларускіх пісьменьнікаў праводзяць урачыстую прэзэнтацыю кнігі «Алексіевіч на Свабодзе» ў малой залі Палаца Рэспублікі. Удзел возьме пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч. Гэта будзе яе першы выступ пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі. Уваход толькі па запрашэньнях. Пачатак а 16-й гадзіне. На сайце Свабоды будзе весьціся жывая трансьляцыя. Выбраныя ўрыўкі прагучаць у радыёэфіры.

Незалежныя юрысты зьбяруцца на прэс-канфэрэнцыю, каб выкласьці сваю прававую ацэнку справы Андрэя Бандарэнкі. Офіс БСДП (Грамада), пачатак у 14 гадзін.

Чалавек і брэнд, або як эфэктыўна раскруціць сябе? — гэта будзе тэма выступу ў Менску Ксеніі Сабчак, расейскай тэле- і радыёвядучай. Prime hall, пр. Пераможцаў, 65, пачатак а 19-й.

З 14 красавіка набывае сілу Указ № 40, які зьмяняе правілы правозу тавараў з-за мяжы для грамадзян Беларусі. Бяз сплаты мыта можна будзе ўвезьці наземным транспартам ня больш як 50 кг. тавараў для асабістага карыстаньня (на суму да 1500 эўра) і не часьцей як раз на тры месяцы. Абмежаваньні па пасылках з-за мяжы: 1 раз на месяц вагой да 10 кг. і коштам да 22 эўра. За перавышэньне нормы трэба будзе даплачваць. Абмежаваньні не датычаць пасылак з краін-дзяржаў ЭАЭС (Расеі, Армэніі, Казахстану, Кіргізстану).

У гісторыі:

1432 — пачаў валадарыць Жыгімонт Кейстутавіч, вялікі князь літоўскі.

1894 — Менская губэрнская ўправа дае дазвол графу Карлу Чапскаму на будаўніцтва каменнага бровару на менскіх вуліцах Аляксандраўскай і Рыгораўскай. Так пачалася гісторыя заводу «Аліварыя».

1912 — карабель «Тытанік» сутыкнуўся з айсбэргам і затануў.

1943 — у Савецкім Саюзе загадам Сталіна створана адмысловая армейская контарвыведка «Сьмерць шпіёнам» — скарочана «Сьмерш»

1956 — ангельскія вынаходнікі прадэманстравалі, як дзейнічае відэамагнітафон.

1978 — Вярхоўны Савет БССР прыняў «брэжнеўскую» канстытуцыю Беларусі, апошнюю ў савецкай імпэрыі (дзейнічала да 1994 году).

1988 — у Варшаве заснавалі Беларускае аб’яднаньне студэнтаў.

2012 — зь Віцебскай калёніі быў вызвалены былы кандыдат у прэзыдэнты палітвязень Андрэй Саньнікаў.

У памяці:

1101 — памёр Усяслаў Брачыслававіч (Чарадзей), полацкі князь.

1707 — памёр Тодар Абуховіч, дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага княства Літоўскага, мэмуарыст.

1859 — нарадзіўся Людвік Замэнгоф, лекар, які прыдумаў штучную мову эспэранта

1880 — нарадзіўся Язэп Дыла, грамадзкі дзяяч, пісьменьнік.

1885 — нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі, грамадзка-палітычны дзяяч, чалец Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, публіцыст, заснавальнік і дырэктар настаўніцкай сэмінарыі ў Барунах (1920-1922).

1920 — нарадзіўся Аляксей Карпюк, пісьменьнік, грамадзкі дзеяч. Біяграфічнае эсэ пра Аляксея Карпюка зьмешчана ў кнізе Ўладзімера Арлова «Імёны Свабоды».

2003 — памерла Зора Кіпель, бібліёграф, літаратуразнаўца, публіцыстка, грамадзка-культурная дзяячка эміграцыі ў ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG