Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумчанка: «У прадпрымальнікаў засталося няшмат часу для спакойнай працы...»


На гарадзенскім рынку «Цэнтральным»
На гарадзенскім рынку «Цэнтральным»

З пачатку красавіка заўважна ажывіліся рэчавыя рынкі. Большасьць прадпрымальнікаў, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасьці, пасьля больш як трохмесячнага перапынку зноў расклалі тавар на гандлёвых радах. Праўда, шмат гандлёвых месцаў надалей пустыя.

Прыкметна паболела і пакупнікоў. Аднак гэта толькі зьнешняе ўражаньне. Спадар Аляксей, які гандлюе мужчынскім адзеньнем на гарадзенскім рынку «Цэнтральны», без настрою кажа: сытуацыя зьмянілася толькі ў тым, што многія вярнуліся на працоўныя месцы, але па-ранейшаму амаль нічога на рынку не прадаецца.

— Здавалася б, цяпер самая пара на гандаль, бо пацяплела і трэба зьмяняць зімовую вопратку на вясновую. Але нешта ніхто не сьпяшаецца гэта рабіць: ходзяць і толькі глядзяць. Бывае, што за дзень прадасі адну, у лепшым выпадку некалькі рэчаў, а часам наагул дзень без усякіх продажаў.

Цікаўлюся ў гандляроў — ці вырашылі яны праблемы з дакумэнтамі, якіх патрабуе ўказ № 222? Аказваецца, не зусім. Вось што мне кажа спадарыня Алена, якая гандлюе мужчынскай бялізнай:

— Ведаеце, у большасьці з нас цяпер расейскія сэртыфікаты. Мы бяром іх у пасярэднікаў, якія прывозяць тавар з Масквы. Спадзяёмся, што рашэньне Вярхоўнага суду, якое было вынесена ў Менску на карысьць гэтых дакумэнтаў, ставіць нас у законнае поле. Іншага тут мы нічога не прыдумалі.

Яе дапаўняе спадар Васіль, ён гандлюе абуткам:

— У прынцыпе, па вялікім рахунку, мы ні ў чым ня ўпэўненыя, бо раней падобныя сэртыфікаты не прызнаваліся нашымі падаткоўцамі. І цяпер усё можа скончыцца, калі яны атрымаюць загад нас праверыць. Але такога загаду пакуль няма. Думаю, што ўлада адчувае, як пуста ў казьне, а пэнсіі плаціць нечым трэба. А з нас яны заўсёды мелі канкрэтныя неблагія паступленьні ў бюджэт, прычым без аніякіх затрымак. Вось і ўся арытмэтыка.

Падыходжу да спадарынь, чые гандлёвыя месцы пуставалі ўсю зіму. Цяпер гандляркі стаяць разам ды абмяркоўваюць свае праблемы. Кажа спадарыня Наста:

— Ну, праседзелі мы ўсю зіму ў хаце, грошай няма зусім, і гандлю цяпер няма ніякага. Бачыце, які выбар тавару слабы, бо няма за што новы набываць. Выплаты зрабілі за месяц уперад, а ніхто нічога не купляе. Так, людзі ходзяць — але паглядзіце, у руках нават ніхто нічога куплёнага ня носіць. Гэта не работа. І колькі мы яшчэ тут так здолеем прастаяць? Частка людзей, як бачыце, наагул пакінула рынак, і гэта даволі значная частка. А куды тут ісьці? Працы няма, дзеці растуць, і трэба іх у школу за нешта адпраўляць.

Да нашае размовы далучаецца пакупнік і тлумачыць, чаму, на яго погляд, ніхто нічога на рынку не набывае.

— А вы што думаеце — мы ў іншай краіне жывём? Вось я на завод у месяц восем разоў толькі хаджу на працу і капейкі на хлеб атрымліваю. І так пераважная большасьць. То за што тады ісьці і купляць новыя рэчы? Вы паглядзіце, цяпер працу на два мільёны і тое складана знайсьці.

Пасьля гэтага ў нашай размове наступае невялікая паўза. Старэйшая спадарыня дадае:

— Цяпер людзі аб’яжджаюць усе рынкі, усе крамы, і толькі там, дзе знайшлі самае таннае, толькі тады купляюць. Нават наш рынак, я заўважаю, па некалькі разоў абыходзяць — і часьцей за ўсё нічога не купляюць. Я наагул не прыгадаю такога году, каб у красавіку, калі зьмяняюць зімовае адзеньне на вясеньняе, так нічога не прадавалася.

Такая сытуацыя на рынках ня толькі ў Горадні, але і ў іншых гарадах вобласьці і краіны. Па камэнтар да гэтай сытуацыі Свабода зьвярнулася да старшыні РГА «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі:

— Насамрэч, гандлю цяпер няма, і гэта вельмі сур’ёзная праблема для прадпрымальнікаў. Такога яшчэ ніколі не было, каб амаль зусім нічога не прадавалася. І выглядае на тое, што ня трэба будзе ніякіх забаронаў, а прадпрымальнікі вымушаныя будуць закрываць сваю дзейнасьць. Наступіла нейкае часовае зацішша, сытуацыя нібы супакоілася. Але, думаю, гэта да першых праверак. Па накладных мы часткова вырашылі праблему, а што датычыць сэртыфікатаў, то Дзяржстандарт абяцаў да 1 ліпеня не праводзіць праверак. Так што прадпрымальнікам засталося ня так шмат часу, каб спакойна папрацаваць. Таму ў красавіку мы зноў зьбіраемся праводзіць форум, і я заклікаю прадпрымальнікаў не расслабляцца, бо асноўныя праблемы застаюцца нявырашанымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG