Праваабарончы цэнтар «Вясна» заклікае ўлады Беларусі спыніць перасьлед грамадзян у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня меркаваньня.
У адмысловай заяве гаворыцца, што «прыцягненьне грамадзян, якія прымаюць удзел у мірных сходах, да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафаў зьяўляецца парушэньнем іх права на свабоду мірных сходаў і выказваньня меркаваньня».
«У шэрагу выпадкаў накладаньне непамерных, відавочна непрапарцыйных, штрафаў цягне за сабой парушэньне іншых канстытуцыйных правоў грамадзян, свабоды перамяшчэньня ў прыватнасьці», — адзначаюць праваабаронцы.
У заяве адзначаецца, што дзейнае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах робіць практычна немагчымым атрыманьне ад мясцовых уладаў дазволу на правядзеньне сходаў. А таксама накладае на іх арганізатараў «матэрыяльныя абавязаньні па іх правядзеньні (ахове грамадзкага парадку, мэдыцынскім забесьпячэньні і прыбіраньні тэрыторыі), утрымлівае іншыя абмежавальныя і рэпрэсіўныя нормы».
Праваабаронцы кажуць, што закон «Аб масавых мерапрыемствах» павінен быць прыведзены ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека.
Пры гэтым Праваабарончы цэнтар «Вясна» адзначае станоўчую тэндэнцыю, скіраваную на зьмяншэньне агульнага ўзроўню рэпрэсіяў у краіне. Як адзначаецца ў заяве, пачынаючы са жніўня 2015 году мірныя сходы, якія адбываюцца ў Менску і іншых гарадах Беларусі без дазволу мясцовых уладаў, не спыняюцца праваахоўнымі органамі, іх удзельнікаў не затрымліваюць і не накладаюць на іх адміністрацыйныя спагнаньні ў выглядзе арыштаў.