Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў чатыры гады без пратэстаў. То міліцыі не хапае, то дамоваў зь міліцыяй


Магілёўскі гарвыканкам
Магілёўскі гарвыканкам

Магілёўскім актывістам Свабоднага прафсаюзу мэталістаў і Партыі левых «Справядлівы сьвет» не дазволілі адзначыць пікетам 25-годзьдзе першага ў Беларусі масавага працоўнага пратэсту. На пікеце актывісты зьбіраліся выказаць свой пратэст супраць парушэньня правоў працоўных ды пагаршэньня ўмоваў жыцьця.

Магілёўскі гарвыканкам паведаміў заяўнікам, што яны не заключылі дамоваў зь міліцыяй, камунальнікамі ды мэдыкамі, якія меліся забясьпечваць правядзеньне акцыі пратэсту. Адсутнасьць дамоваў фармальна і стала падставай для адмовы ў санкцыянаваньні пікету.

Актывіст Партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Беразіенка зазначае, што гарвыканкам на працягу апошніх чатырох год шукае любыя падставы, каб не дазволіць правядзеньня акцыяў пратэсту нават на вызначанай самімі чыноўнікамі пляцоўцы.

Валер Беразіенка
Валер Беразіенка

«Улада баіцца пратэстных выступленьняў людзей, таму і забараняе акцыі пратэсту нават у месцах, дзе выгульваюць сабак, — заяўляе партыец. — Вышуквае любыя падставы, нават недакладнасьці ў заяўках, а потым адпісваецца».

Паводле прафсаюзнага актывіста Алеся Сердзюкова, масавыя пратэсты красавіка 1991 году скаланулі грамадзтва і паспрыялі зьмене таталітарнага рэжыму на дэмакратычны. Сваім пікетам, зазначае ён, актывісты зьбіраліся адзначыць гістарычную падзею 25-гадовай даўнасьці і выказаць свой пратэст. Прафсаюзьнік заўважае, што палітычных патрабаваньняў на пікеце выстаўляць не зьбіраліся — толькі сацыяльныя.

Алесь Сердзюкоў
Алесь Сердзюкоў

«У Беларусі падаюць заробкі і растуць цэны на камунальныя і мэдычныя паслугі. Улады вырашылі павялічыць узрост для выхаду на пэнсію, пры гэтым ніхто не гарантуе, што зьявяцца новыя працоўныя месцы. Уразаюцца расходы па забесьпячэньні сацыяльных гарантыяў для працоўных. Усё гэта пагаршае ўмовы жыцьця і парушае правы працоўных», — аргумэнтуе неабходнасьць правядзеньня пікету Алесь Сердзюкоў.

Адмова ў правядзеньні пікету 2 красавіка сталася другой за апошнія два тыдні. 15 сакавіка актывістам таксама не дазволілі правесьці пікет, прымеркаваны да Дня Канстытуцыі. Як патлумачылі чыноўнікі, для забесьпячэньня правапарадку ў дзень правядзеньня акцыі пратэсту не хапала міліцыянтаў. Значная частка супрацоўнікаў Ленінскага аддзелу міліцыі Магілёва, даводзілі заяўнікам пікету чыноўнікі, пільнавала парадак на баскетбольным матчы.

Пляцоўка, якую вызначыў гарвыканкам для правядзеньня ў Магілёве масавых мерапрыемстваў грамадзянамі, грамадзкімі ды палітычнымі арганізацыямі, — на стадыёне «Хімік». Ён удалечыні ад людных гарадзкіх вуліц.

Заяўнікі пікету зьбіраюцца абскарджваць рашэньне Магілёўскага гарвыканкаму. Кажуць, што яно парушае канстытуцыйныя правы грамадзян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG