Згодна з новай ініцыятывай ўраду Грузіі, пункт 1 артыкулу 36 Канстытуцыі Грузіі ў будучыні будзе сфармуляваны наступным чынам: «Шлюб — добраахвотны саюз жанчыны і мужчыны з мэтай стварэньня сям’і».
«Абарона такіх важных каштоўнасьцяў, якім зьяўляецца шлюб, павінна быць гарантавана на ўзроўні асноўнага закону дзяржавы — Канстытуцыі», — растлумачыў ініцыятыву прэм’ер Грузіі Георгій Квірыкашвілі.
ЛГБT-супольнасьць Грузіі незадаволеная ініцыятывай і лічыць, што ім такім чынам спрабуюць зачыніць магчымасьць легалізаваць адносіны з аднаполымі партнэрамі.
«Мы ўжо год жывем разам з маім каханым. У сям’і, як правіла, праблем не ўзьнікае. Але ёсьць праблемы з суседзямі, са знаёмымі, сваякамі, — распавядае Ніка. — Вельмі дрэнна ставяцца і праяўляюць гамафобныя настроі прадстаўнікі праваахоўных органаў. Я нэгатыўна стаўлюся да прыняцьця дадзенага закона — у Грузіі ў мяне ніколі ня будзе магчымасьці ўступіць у шлюб з маім каханым. Гэта вельмі дрэнна ».
Легалізацыя аднаполых шлюбаў не адносіцца да ліку патрабаваньняў пагадненьня аб асацыяцыі паміж ЭЗ і Грузіяй. Але частка насельніцтва ўсё ж лічыць, што новая ініцыятыва можа перашкодзіць працэсу інтэграцыі Грузіі ў Эўропу.