Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсійны ўзрост павялічаць на наступным тыдні


Аляксандр Лукашэнка на наступным тыдні мае намер падпісаць дакумэнты аб зьменах у пэнсійнай сыстэме. Пра гэта ён заявіў 25 сакавіка на нарадзе ў Менску.

«Што да пазыцыі нашага грамадзтва, я вельмі ўважліва назіраю за абмеркаваньнямі, развагамі людзей. Мы вельмі акуратна вымяраем настрой грамадзтва. Павінен сказаць, што сёньня ўжо цьвёрдая большасьць нашага насельніцтва згодныя на павышэньне пэнсійнага ўзросту. Я не кажу пра тое, падабаецца камусьці ці не падабаецца. Нават тыя, каму гэта не падабаецца, нарэшце, зразумелі, што рана ці позна мы гэтую праблему павінны вырашаць. І час вырашэньня праблемы прыйшоў», — мяркуе кіраўнік Беларусі.

Ён падзякаваў пэнсіянэрам, якія раней былі супраць падобных крокаў, а цяпер, паводле яго, пагадзіліся. «Калі людзям патлумачылі, у чым сутнасьць і як мы маем намер дзейнічаць, у прынцыпе і пэнсіянэры прынялі — каго, здаецца, не закранае гэтае пытаньне, — нашу пазыцыю. Таму сёньня сытуацыя ў грамадзтве больш-менш нармальная, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Моладзь наша — ну проста малайцы! Разумеючы, што гэта закране іх найперш..., тым ня менш, спакойна ўспрынялі гэтыя прапановы. Я не кажу, што гэта падабаецца, але бывае, не падабаецца, але нікуды не дзенесься, да гэтага трэба ісьці», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелаПАН.

Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён прыхільнік паэтапнага павышэньня пэнсійнага ўзросту на 3 гады.

«Таму 55–60 гадоў — гэта нармальны ўзрост. І скажы жанчыне, што яна старая ў 55 гадоў або пэнсіянэрка! Слухайце, пакрыўдзіцца! А калі мы прапануем: калі ты не старая, не пэнсіянэрка, давай папрацуй — іншае нейкае меркаваньне. Тое ж самае і пра мужыкоў можна сказаць. Яны дэманстратыўна ня крыўдзяцца, але ў душы. У 60 гадоў мужык — гэта конь, на якім можна яшчэ араць і плугам не ў адзін корпус, а ў тры корпусы зачапіць, і пацягне», — заявіў ён 10 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG