Нацыянальная асацыяцыя адвакатаў Украіны заявіла, што зь Юрыем Грабоўскім не было ніякай сувязі з 7 сакавіка. Пра гэта паведамляе УНІАН.
«Сёньня мы даведаліся пра трагедыю. Адвакат Юры Грабоўскі знойдзены забітым. Падазраваных у гэтым злачынстве затрымалі, і мы спадзяемся, што ўсе датычныя да забойства нашага калегі будуць пакараныя», — гаворыцца ў паведамленьні.
10 сакавіка стала вядома пра зьнікненьне адваката затрыманага ва Ўкраіне расейскага дывэрсанта Аляксандрава. Паліцыя адкрыла крымінальную вытворчасць па ч. 1 арт. 115 (наўмыснае забойства) Крымінальнага кодэксу Ўкраіны.
На старонцы Грабоўскага ў Facebook 9 сакавіка зьявіўся запіс, у якім ён адзначыў, што не па ўласнай волі выехаў з Украіны. Аднак калегі адваката заявілі, што такія паводзіны не ўласьцівыя для Грабоўскага.
20 сакавіка намесьнік генпракурора Ўкраіны — галоўны ваенны пракурор Анатоль Маціос заявіў, што ў аэрапорце «Адэса» затрымалі аднаго з падазраваных у выкраданьні Грабоўскага. Ён таксама пацьвердзіў, што азначаны запіс у Facebook разьмясьціў не Грабоўскі.
Паводле яго слоў, затрыманы — грамадзянін Украіны — прызнаўся ў тым, што да выкраданьня Грабоўскага датычныя спэцслужбы Расеі. Маціос акцэнтаваў, што на спэцапэрацыю па выкраданьні адваката расейскі бок накіраваў «дзясяткі тысяч даляраў», у тым ліку, на забесьпячэньне зламысьнікаў падробнымі дакумэнтамі.
Глядзець камэнтары (1)
Загрузіць больш камэнтароў