Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўда і «фэйкі» аб тэрактах у Брусэлі


У пагоні за сэнсацыйнай і эксклюзіўнай інфармацыяй некаторыя СМІ і карыстальнікі сацыяльных сетак сьпяшаліся апублікаваць ілжывыя заявы і матэрыялы аб тэрактах, якія імгненна сталі «віруснымі».

Падчас тэрарыстычных атакаў не заўсёды проста адрозьніць факты ад хлусьні, але гэта зусім ня значыць, што немагчыма. На прыкладзе падзей у Бэльгіі расказваем, што менавіта аказалася «інфармацыйным укідам» і як яго можна было распазнаць.

Сэнсацыйныя відэа выбухаў

Празь некалькі гадзін пасьля паведамленьняў пра тэракт у сталіцы Бэльгіі ў сетках актыўна пачалі распаўсюджвацца кадры з камэраў відэаназіраньня, якія нібыта запісалі выбух у брусэльскім аэрапорце.

Пазьней высьветлілася, што гэта запіс тэракту ў маскоўскім аэрапорце «Дамадзедава» 2011 году — тады загінулі 37 чалавек, 170 былі параненыя.

Другое «шок-відэа», якім дзяліліся многія карыстальнікі сацыяльных сетак, паводле апісаньняў, дэманстравала кадры выбуху на станцыі Мальбэк ў Бруселі.

Насамрэч відэа было зьнятае ў 2011 годзе ў мэтро Менску: тады на станцыі «Кастрычніцкая» адбыўся тэракт, у выніку якога загінулі 15 чалавек і больш за 200 пацярпелі.

На што зьвярнуць увагу:

На відэа звычайна пазначаны дата і час запісу.

Галоўны рэдактар праекту Observers агенцтва France 24 і спэцыяліст па вэрыфікацыі карыстальніцкага кантэнту Жульен Паін у сваім твітэры напісаў: «Кадры з камэраў відэаназіраньня ніколі не зьяўляюцца адразу пасьля нападу. Іх звычайна выпускаюць толькі празь некалькі дзён».

Навіны аб выбухах

Адразу пасьля паведамленьняў аб тэракце ў мэтро пачала паступаць інфармацыя аб новых выбухах у розных частках Брусэлю, якія многія прынялі за новыя тэрарыстычныя атакі.

Пазьней прыйшло абвяржэньне: гаворка ішла аб «кантраляваных падрывах», з дапамогай якіх сапёры зьнішчалі знойдзеныя падазроныя прадметы.

На што зьвярнуць увагу:

Прадстаўнік групы дасьледчыкаў Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў у інтэрвію РС раіў лічыць любую інфармацыю зь неправераных крыніц няпраўдай і спачатку шукаць магчымасьць яе абвергнуць — лепш дачакацца афіцыйных заяваў або пацьверджаньняў з двух незалежных адна ад адной крыніц.

Гучныя заявы пра тэрарыстаў

На працягу некалькіх гадзін пасьля атакаў у Брусэлі асобныя мэдыі пасьпелі распавесьці пра некалькіх меркаваных арганізатараў тэрактаў, аднак першакрыніцай гэтай інфармацыі сталі рэпартажы ад 18 сакавіка, калі ў Брусэлі праводзілася спэцапэрацыя па затрыманьні арганізатара парыскіх тэрактаў.

Расейскія мэдыі паведамілі, што да выбухаў могуць быць датычныя грамадзяне Беларусі, аднак пазьней меркаваныя «арганізатары тэрактаў» адхілілі абвінавачаньні: «Калі мы сьмяротнікі, чаму мы зараз жывыя? Калі мы тэрарысты, чаму нас не арыштавалі?»

На што зьвярнуць увагу:

Старайцеся пераправяраць інфармацыю: пераходзьце па гіпэрспасылках на першакрыніцу, глядзіце на дату публікацыі матэрыялу, зважайце на назвы інтэрнэт-рэсурсаў і мэдыі.

«Калі вы сустракаеце незнаёмы сайт, які публікуе гучную інфармацыю — правярайце крыніцы, на якія ён спасылаецца. Калі інфармацыя гучная і пэўная, яе сапраўды вельмі хутка апублікуе не адно выданьне. Калі вы ня можаце знайсьці пацьверджаньне таму, што паведамляе невядомы сайт (напрыклад, што хтосьці высокапастаўлены паведаміў нешта вельмі важнае), то хутчэй за ўсё гэта фэйк. Асабліва, калі гэты невядомы сайт не дае ніякіх гіпэрспасылак на крыніцы, якія можна было б адкрыць і праверыць» — распавядае Руслан Левіеў.

Ня варта сур’ёзна ўспрымаць фармулёўкі «патрабуе пацьверджаньня» ці «па непацьверджанай інфармацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG