Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Керы абмяркуе з Пуціным Сырыю і Ўкраіну


Дзяржсакратар ЗША Джон Керы (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін

Дзяржсакратар ЗША Джон Керы правядзе перамовы ў Маскве аб будучыні мірнага працэсу ў Сырыі і сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.

Дзяржсакратар Джон Керы пачынае ў сераду двухдзённы візыт у Маскву, у часе якога ён правядзе перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным і міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым.

Галоўнымі тэмамі перамоваў павінна стаць сытуацыя ў Сырыі, пэрспэктывы мірных перамоваў паміж прадстаўнікамі сырыйскага ўраду і апазыцыі, якія ідуць у Жэнэве, і крызіс на ўсходзе Ўкраіны.

У Вашынгтоне спадзяюцца, што візыт дзяржсакратара ў Маскву дапаможа ўмацаваць супрацоўніцтва паміж ЗША і Расеяй і дадасьць шанцаў на посьпех мірных перамоваў у Жэнэве, спонсарамі якіх зьяўляюцца Вашынгтон і Масква. Аднак незадоўга да прыезду Керы ў Маскву, Расея падвергла крытыцы ЗША за адмову каардынаваць крокі па назіраньні за рэжымам спыненьня агню ў Сырыі і прыстрашыла, што яна аднаасобна будзе караць парушальнікаў перамір’я. Дзярждэпартамэнт абвясьціў, што ЗША канструктыўна супрацоўнічаюць з Расеяй у справе забесьпячэньня перамір’я, і перасьцярог Маскву ад аднабаковых дзеяньняў.

Важнай тэмай перамоваў Джона Керы ў Маскве таксама стане пагаршэньне сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Ён будзе заклікаць расейскае кіраўніцтва аказаць большы ціск на сэпаратыстаў з тым, каб дамагчыся ад іх выкананьня ўмоваў менскіх дамоўленасьцяў. Дзяржсакратар уздыме пытаньне пра лёс украінскай ваеннаслужачай Надзеі Саўчанкі, прысуджанай у аўторак расейскім судом да 22 гадоў турмы. ЗША неаднаразова патрабавалі яе вызваленьня. Прэс-сакратар дзярждэпартамэнту заявіў аб тым, што на працягу амаль двух год Расея незаконна ўтрымлівае Саўчанку па абвінавачваньнях, не заснаваных на рэальных фактах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG