Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Таронта прайшло шэсьце пад бел-чырвона-белымі сьцягамі


Сябры Згуртаваньня беларусаў Канады прайшлі ў нядзелю сьвяточным шэсьцем зь бел-чырвона-белымі сьцягамі па цэнтральнай вуліцы Таронта. Адбыліся таксама служба ў царкве сьв. Кірылы Тураўскага (БАПЦ) ды кароткі мітынг у парку Крысьці.

Шэсьце прайшло вуліцай Блюр (адна з двух цэнтральных вуліц Таронта) да Беларускага цэнтру, што на скрыжаваньні з вуліцай Лэнсдаўн. Падчас шэсьця ўдзельнікі скандавалі «Freedom to Belarus!» , «Жыве Беларусь!», а таксама патрабавалі вызваленьня Надзеі Саўчанкі. Улады гораду забясьпечылі суправаджэньне паліцэйскіх на роварах.

Сярод тых, хто выступіў у Беларускім цэнтры, быў Віталь Кошалеў, удзельнік сакавіцкіх падзеяў у Менску у 2006 годзе. Цяпер Віталь — сакратар галоўнай управы Згуртаваньня. Сябра Рады БНР Алесь Кот распавёў пра гістарычную місію Рады, а таксама прадставіў калекцыю партрэтаў прэзыдэнтаў БНР, што папоўніць галерэю Беларускага цэнтру.
Напрыканцы афіцыйнае часткі слова ўзяў Барыс Кірка, адзін з найстарэйшых сяброў Згуртаваньня. Ён заклікаў беларусаў да еднасьці, а таксама падтрымаў ідэю шырэйшага далучэньня беларускай грамады Канады да культурніцкіх мерапрыемстваў (як, напрыклад курсаў «Мова Нанова», што пачаліся сёлета ў Беларускім цэнтры ў Таронта).

Сьпявачка Святлана Літвінава, якая 5 гадоў была салісткай Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, прасьпявала народныя песьні пра вясну, любоў да Бацькаўшчыны й жартаўлівыя прыпеўкі.

Часткай імпрэзы стаўся й сьвяточны стол з пачастункамі, сярод якіх былі пірагі з надпісамі «Воля», «За свабоду», а таксама цукеркі з гербам «Пагоня».

Аўтары фота й відэа: Ірына Тоўсьцік, Алесь Кот, Віталь Кошалеў, Уладзімір Касьцючэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG