Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прывёз Абама ў Гавану?


Ці стаў візыт прэзыдэнта ЗША на Кубу праявай новай тактыкі ЗША адносна дыктатарскіх рэжымаў? Які плён дала шматгадовая палітыка санкцыяў? Чаму дыктатары аднолькава рэагуюць на пытаньне пра палітвязьняў?

Карбалевіч: Упершыню амаль за 90 гадоў прэзыдэнт ЗША наведаў Кубу. Пасьля 1959 году, калі паўстанцы Фідэля Кастра зрынулі праамэрыканскую ўладу, там устанавіўся камуністычны рэжым, паміж Вашынгтонам і Гаванай пачалася «халодная вайна», паўстала жалезная заслона. ЗША увялі адносна Кубы гандлёвае эмбарга. Куба стала важным пунктам супрацьстаяньня паміж СССР і ЗША. Пасьля краху СССР падтрымка Масквы зьнікла, Куба апынулася ва ўмовах моцнага эканамічнага крызысу. Аднак гэта не прывяло да краху камуністычнага рэжыму.


Адміністрацыя Барака Абамы памяняла палітыку ЗША адносна Кубы. У 2015 годзе былі адноўлены дыпляматычныя адносіны, бакі абмяняліся амбасадамі, адбылося зьмякчэньне амэрыканскіх санкцыяў. Рэспубліканскія крытыкі Абамы лічаць, што такія крокі — гэта памылка. Яны кажуць, што візыт амэрыканскага прэзыдэнта на Кубу — гэта сьведчаньне капітуляцыі ЗША, прызнаньне неэфэктыўнасьці палітыкі Злучаных Штатаў адносна Гаваны.

Чаму кіраўніцтва ЗША памяняла тактыку? Найперш, экспэрты кажуць, што Абаме патрэбны нейкі міжнародны посьпех, нейкія дыпляматычныя перамогі, якіх у ягонай адміністрацыі няшмат. Адным з дыпляматычных посьпехаў стала вырашэньне праблемы іранскай ядзернай праграмы. І вось другі посьпех — заканчэньне «халоднай вайны» з Кубай. Другая прычына — гэта спроба вырашаць кубінскую праблему іншымі спосабамі. Ізаляцыя, эмбарга, санкцыі не спрацавалі. Камуністычны рэжым братоў Кастра аказаўся на дзіва жывучы. І вось робіцца спроба зьмяніць сытуацыю з дапамогай разьмякчэньня камуністычнага рэжыму знутры. Гэтая тактыка ў нечым падобная на тую, якую спрабуе праводзіць ЭЗ адносна Беларусі. Але ёсьць розьніца. Куба — вельмі бедная краіна, кубінцы, у параўнаньні з беларусамі — жабракі. Кубінцам яшчэ трэба будзе перажыць спажывецкую рэвалюцыю, якую Беларусь ужо прайшла. Незразумела, як гэта паўплывае на кубінскае грамадзтва. У любым выпадку Абама гэтым візытам паставіў на кон сваю рэпутацыю. Калі гэтая новая палітыка ЗША ўмацуе рэжым Кастра, то палітычна ён прайграе. Тая ж дылема стаіць і перад ЭЗ адносна Беларусі. Гэта экспэрымэнт. А любы экспэрымэнт можа даць як станоўчы, так і адмоўны вынік.

Куба зараз вельмі бедная краіна, і калі зьявяцца эўрапейскія і амэрыканскія турысты, капіталістычныя прадпрыемствы, то ўсё гэта падарве камуністычны рэжым

Цыганкоў: Сапраўды можна сказаць, што прэзыдэнт ЗША Барак Абама можа думаць не пра сваё пераабраньне, паколькі ён заканчвае свой другі тэрмін прэзыдэнцтва, а пра сваё месца ў гісторыі. Гэтым тлумачацца яго частыя міжнародныя крокі. Кожны амэрыканскі прэзыдэнт, які знаходзіцца апошні тэрмін ва ўладзе, больш вольны ў рашэньнях, якія не настолькі папулярныя. Безумоўна не ўсім падабаецца тое, што робіць у кубінскім пытаньні Абама, перш за ўсё гэта рэспубліканцы, якія настойваюць на больш жорсткай традыцыйна амэрыканскай палітыцы. Таксама гэта не падабаецца амэрыканцам кубінскага паходжаньня, якія здолелі за гэтыя 60 гадоў уцячы адтуль і ў іх засталося адчуваньне, што камуністычны рэжым пазбавіў іх усяго, яны заўсёды былі касьцяком антыкубінскіх акцый. Гэты крок Абамы ставіць гістарычнае пытаньне, калі санкцыі не працуюць, ці спрацуе лібэралізацыя знутры?

Санкцыі — гэта ня тое, што мы думаем адносна Беларусі, калі былі забароненыя паездкі пэўным чыноўнікам. У дачыненьні да Кубы дзейнічалі дзесяцігодзьдзямі вельмі жорсткія эканамічныя санкцыі. Яны прывялі да таго, што пасьля развалу СССР Куба стала вельмі беднай краінай, але да падмываньня рэжыму яны не прывялі. Абама хоча ўвайсьці ў гісторыю міратворцам. Адным з самых яркіх крокаў было заключэньне пагадненьня па ядзернай праграме з Іранам, што выклікала вялікае непрыманьне ў палітыкаў, асабліва рэспубліканскіх, і вось цяпер улагоджваньне адносінаў з Кубай. Мне здаецца, гэтая другая схема з Кубай больш спрацуе, чым з Беларусьсю. Куба зараз вельмі бедная краіна, і калі зьявяцца эўрапейскія і амэрыканскія турысты, капіталістычныя прадпрыемствы, то ўсё гэта падарве камуністычны рэжым.

Дракахруст: Два моманты: першы — нельга казаць пра нейкую агульную тэндэнцыю амэрыканскай палітыкі, што яна пачынае ўлагоджваць дыктатуры. Бо літаральна днямі, калі Абама паехаў у Гавану, у Бірме адбыліся парлямэнцкія выбары і партыя былой дысыдэнткі, якая гадамі сядзела пад хатнім арыштам, Аун Сан Су Чжы, перамагла. То бок Бірма мяняецца. Адносна Бірмы дзейнічалі санкцыі, яны трывалі дзесяцігодзьдзямі, і яны прынесьлі рэальны вынік — рэжым саступіў, пачаў дэмакратызацыю, і зараз яго фактычна няма.
Але Куба — гэта асобны выпадак. Там гэтыя санкцыі трымаліся прынамсі поўстагодзьдзя. І калі за паўвека яны выніку не далі, абсалютна натуральна паспрабаваць ісьці інакш. Але пры тым ёсьць маральныя нязручнасьці: калі самалёт Барака Абамы сеў у Гаване, літаральна ў гэтыя дні адбываліся арышты дысідэнтаў. Вось прэзыдэнт ЗША прыяжджае, а там арыштоўваюць.

калі самалёт Барака Абамы сеў у Гаване, літаральна ў гэтыя дні адбываліся арышты дысідэнтаў

А другі цікавы момант — як усе дыктатары падобныя адзін да аднаго. Ужо на выніковай прэсавай канфэрэнцыі Абамы і Кастра адзін з журналістаў Раўлю Кастра задаў пытаньне, а як там наконт палітвязьняў, дык ён сказаў: а якія палітвязьні? Вы мне дайце імёны, мы заўтра іх вызвалім! Гэта так падобна на прэсавыя канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі 2011-2012 гадоў. У 2011 годзе была такая рэакцыя, аднак ужо ў 2014 годзе Лукашэнка даведаўся, хто ж такія палітвязьні, а ў 2015-м годзе прыняў рашэньне іх вызваліць. Можа і спадар Раўль Кастра за пару гадоў да нечага пазытыўнага сасьпее.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG