Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брэйвіку хочацца «общения»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Брэйвіку нецікава сядзець, хочацца да народу. Судзіцца з Нарвэгіяй.

Халаднакроўны забойца сямідзесяці сямі ні ў чым не вінаватых землякоў жыве ў асобнай турэмнай трохпакаёвай кватэры. Спачывальня, кабінэт, спартовы пакой. Кампутар, тэлевізар, пральная машына, усё ёсьць для нармальнага чалавека, ня кажучы — для зьняволенага. Іншыя такіх бонусаў могуць ня мець. І, хутчэй за ўсё, ня маюць.

Але Брэйвік лічыць свае ўмовы катаваньнем. Чаму? Бо не падлучаны інтэрнэт і нельга пісаць лісты. Атрымліваць можна. Адвакат, вядома, на яго баку: раней ён вучыўся, а цяпер настрой прапаў…

У розных краінах турмы розныя. Яны адпавядаюць узроўню краіны. Напэўна, у беларускіх умовах у перапоўненай камэры сьніцца асобная. Не забуду, як адзін з былых палітвязьняў мусіў спаць за сьценамі гарадзенскай вязьніцы седзячы, паклаўшы галаву на стол. Аб гэтым ён распавёў на спатканьні жонцы. Камэра была перапоўненая.

Я спытаўся ў былога начальніка менскага сьледчага ізалятара Алега Алкаева: ці напраўду «адзіночка» можа быць «катаваньнем»? Так, сядзець там вельмі цяжка, кажа ён. І звычайна туды саджаюць, калі просіцца сам вязень. Калі гэта бывае? Калі ён баіцца расправы, гвалтоўных дзеяньняў з боку іншых зьняволеных. Калі ўзьніклі нейкія «трэньні» зь імі. Тэарэтычна можа быць і так: калі адміністрацыя даведалася, што існуе нейкая пагроза чалавеку, тады яго могуць перавесьці ў асобную камэру. Аднак звычайна, кажа Алег Алкаеў, улады начальніка на гэта не хапае, трэба ўзгодніць з пракуратурай. Пераканаць, што існуе такая патрэба.

А што да Брэйвіка, то сапраўды: «Адзінота — гэта дадатковае пакараньне. Там няма інтэрнэту. Ты адзін. Гэта чалавека з розуму зводзіць», падсумоўвае Алег Алкаеў і дадае: сам ён жыве ў Бэрліне адзін і часам няма з кім паразмаўляць, добра хоць журналісты часам патэлефануюць.

На сьцяне гарадзенскай турмы пакуль няма шыльды, якая паведамляе, што яе вязьнем (1931-1933) быў Браніслаў Тарашкевіч. Сядзеў у адзіночнай камэры N45, лічылася дрэннай. Вільготнай. (Яна захавалася пад тым жа нумарам.) Гэта было ўзгоднена з пракурорам. Палякі лічылі яго небясьпечным злачынцам. На шпацыр выводзілі асобна. Вядомы палітык, акадэмік, мовазнаўца. Седзячы ў адзіночцы, пераклаў на беларускую «Пана Тадэвуша».

У Браніслава Тарашкевіч не было плянаў сядзець у гарадзенскай адзіночцы. А калі там апынуўся, ён ня ведаў, што прабудзе ня ўвесь тэрмін. (Што зь ім здарылася потым — асобная гісторыя.) Патрэбны быў занятак, мэта — каб ператрываць. Ён стаў перакладаць.

У Брэйвіка, як выглядае, ніякіх падобных мэтаў няма. Хочацца да людзей. Але ці хочуць людзі быць зь ім?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG