Паводле стану на 09:35 па Менску 15 сакавіка цэны знаходзяцца крыху вышэй за 39 даляраў за барэль, зьніжэньне працягваецца другі дзень запар.
Такім чынам рынак рэагуе на паведамленьні, што Іран адмаўляецца прыняць прапанову Расеі і іншых нафтаздабытчыкаў па замарожваньні здабычы нафты на ўзроўні пачатку 2016 году. Адмова Тэгерану ад разгляду гэтай ідэі да дасягненьня іранскімі нафтавікамі дасанкцыйнага ўзроўню здабычы, які склаў 4 мільёны барэляў у суткі, пацьвердзіў міністар энэргетыкі Расеі Аляксандр Новак. 14 сакавіка ў сталіцы Ірану ён сустракаўся зь міністрам нафты гэтай краіны Біджані Занганэ.
Новак заявіў, што краіны, якія здабываюць каля трох чвэрцяў сусьветнай нафты, ужо пагадзіліся замарозіць здабычу, а Іран можа далучыцца да рэалізацыі такой палітыкі пазьней.
У студзені 2016 году цана нафты падала ніжэй за 30 даляраў за барэль — ад узроўню 115 даляраў, зафіксаваных у сярэдзіне 2014 году.