Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэталашукальнікі — з дазволу Акадэміі навук. Праца ў археалягічных камісіях — за грамадзкі інтарэс


Ілюстрацыйнае фота. Археалягічныя раскопкі Менскага замчышча, жнівень 2009 году
Ілюстрацыйнае фота. Археалягічныя раскопкі Менскага замчышча, жнівень 2009 году

Сёньня набывае сілу прэзыдэнцкі ўказ № 485 «Аб удасканаленьні аховы археалягічных аб’ектаў і археалягічных артэфактаў», праект якога пачаў шырока абмяркоўвацца праціўнікамі і прыхільнікамі больш жорсткіх захадаў у адносінах да так званых «чорных капальнікаў» яшчэ ад канца мінулага году.

12 сакавіка на Нацыянальным прававым партале pravo.by апублікавалі пастанову Савету міністраў № 185, якая зацьвярджае палажэньне аб парадку правядзеньня, прыпыненьня і скасаваньня дзеяньня археалягічных дасьледаваньняў, уліку выяўленых археалягічных аб’ектаў і артэфактаў, а таксама палажэньне аб абласных і менскай гарадзкой археалягічных камісіях.

Прыбору пошуку без дазволу НАН — інструмэнт злачынства

Дакумэнт, у прыватнасьці, удакладняе, што правам рэгуляваць дзейнасьць у гэтай галіне надзяляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАН). У залежнасьці ад характару дасьледаваньняў дазвол мае чатыры формы і разглядаецца па заяве навуковых арганізацыяў, музэяў і фізычных асобаў, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць на падставе грамадзянска-прававых дамоваў.

Толькі на падставе дазволу можна будзе выкарыстоўваць мэталашукальнікі, геарадары ды іншыя тэхнічныя сродкі і інструмэнты для абсьледаваньня паверхні зямлі альбо дна прыродных і штучных вадаёмаў. Гэта адзін з прынцыповых момантаў, які спарадзіў жорсткія спрэчкі ў супрацьлеглых лягерах і стаў падставай да зьяўленьня самога дакумэнту.

Афіцыйныя ўлады яшчэ раней занепакоіліся, што аматарскі пошук з мэталадэтэкцыяй перастаў быць бяскрыўдным хобі і пагражае гістарычнай спадчыне. Паводле некаторых дадзеных, на руках у беларусаў цяпер блізу 200 тысяч адмысловых прыстасаваньняў, пры дапамозе якіх археалягічныя артэфакты масава і бессыстэмна вымаюцца зь нетраў і асядаюць у прыватных калекцыях. Аматары прыборнага пошуку запэўніваюць, што, наадварот, дбаюць пра вяртаньне знаходак да жыцьця і гатовыя быць саюзьнікамі афіцыйнай археалёгіі.

Вывучэньне нетраў — дзяржаўная прэрагатыва

Старшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі вітае новы ўказ і спадзяецца, што нарэшце спыніцца беспакаранае рабаваньне аб’ектаў, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасьць нацыянальнага маштабу. На яго перакананьне, толькі сыстэматызаваныя раскопкі здольныя аднавіць старонкі жыцьця нашых продкаў:

Максім Чарняўскі
Максім Чарняўскі

«Беларусаў робіць беларусамі культура і гісторыя. Калі няма ні культуры, ні гісторыі, то мы такія ж самыя, як і любыя эўрапейцы — палякі, чэхі, немцы. Гісторыя ўвесь час удакладняецца, набывае новыя дэталі, новыя адценьні. Можна, канечне, спыніцца на тым, што напісана ў падручніках: людзі прыйшлі на гэтую тэрыторыю, навучыліся паляваць, пасьля пачалі абрабляць зямлю, гадаваць скаціну. І на гэтым спыніцца. А можна даведвацца ўсё больш новых падрабязнасьцяў.

Як вядома, ёсьць гісторыя пісьмовая і ёсьць дапісьмовая. Зь пісьмовай гісторыяй вялікія праблемы. Мы нацыя зваяваная, і быў пэрыяд, калі да нашай пісьмовай гісторыі мелі доступ пераможцы. Што яны туды ўпісалі, як перапісалі, куды падзеліся нашы летапісы (ня толькі Полацкі, мог быць таксама ў Віцебску) і што ў іх засталося ад арыгіналу — ніхто ня ведае. Навукоўцы лічаць, што летапісы, на падставе якіх робяцца рэканструкцыі, пісаныя-перапісаныя. Адзінае, што ня можа зманіць, — тое, што ад таго часу засталося ў зямлі. Гэта значна цяжэй прачытаць, але яно дае нам нашмат больш дакладныя зьвесткі пра тое, як людзі жылі, што яны рабілі, як адносіліся адзін да аднаго. Яшчэ адна праблема з тым, што ляжыць у зямлі, — яно ня вечнае, не ўзнаўляльнае. Просты прыклад: калі некалі нехта страціў нож і яго з глыбіні дастаць, новы там ніяк ня зьявіцца».

Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Адзін з ініцыятараў і распрацоўнікаў нормаў, якія фактычна ставяць дзейнасьць аматараў-пашукавікоў па-за рамкі закону, — доктар гістарычных навук, сябра Савету Рэспублікі Ігар Марзалюк. Археоляг непахісны ў думцы, што ніякія перамовы з разбуральнікамі курганоў і гарадзішчаў немагчымыя, а таму гатовы зрабіць усё магчымае, каб паставіць заслону «падонкам ад антыкварыяту».

Зямныя скарбы: як падзяліць пароўну

Ілюстрацыйнае фота. Археалягічныя артэфакты, знойдзеныя на месцы невядомага раней гораду Казіміру, а таксама ў Шацілках - старадаўняй частцы Сьветлагорску, жнівень 2009 году
Ілюстрацыйнае фота. Археалягічныя артэфакты, знойдзеныя на месцы невядомага раней гораду Казіміру, а таксама ў Шацілках - старадаўняй частцы Сьветлагорску, жнівень 2009 году

Такая катэгарычнасьць бянтэжыць бальшыню недыплямаваных пашукавікоў, якія ня лічаць сваё захапленьне крыміналам. Жлобінец Аляксандар Мятлушка ў сваім допісе на Свабоду ўдакладняе, што мае 37 гадоў калекцыйнага стажу, а апошняе дзесяцігодзьдзе яшчэ і захапляецца прыборным пошукам. Але гэта нікому не дае падставы аўтаматычна залічваць яго ў злачынцы. Вось урывак зь ягонай завочнай дыскусіі са спадаром Марзалюком:

«Што да чорных капальнікаў. Ваша барацьба зь імі нагадвае змаганьне Хрушчова з рэлігіяй, калі той запэўніваў, што ў 1980-х пакажа ўсёй краіне „апошняга папа“... Паважаны сп. Марзалюк! Дзякуючы неабдуманым выказваньням, кінутым вамі ў прэсу дзеля прыгожага слоўца, колькасьць чорных капальнікаў (падкрэсьлю, не аматараў прыборнага пошуку, а менавіта капальнікаў) вырасла ў сотні разоў. Адзін з артыкулаў у „СБ“, дзьве цытаты: „Па словах Ігара Марзалюка, адны толькі спражкі і іншая фурнітура, якую прыватны калекцыянэр называў „сьмецьцем“, цягне на 3 тысячы даляраў! Уяўляеце, колькі зарабляе ў сэзон гэты беспрацоўны?“. „Каштуе „цацка“ нятанна — сотні і нават тысячы эўра. Але, мяркуючы па водгуках нашых „чорных калегаў“ у інтэрнэце, акупляе сябе за сэзон“.

Гэта што, прыхаваная рэкляма мэталадэтэктараў? Думаю, такой бясплатнай рэкляме, якая павялічвае ў сотні разоў продажы прыбораў, удзячныя ўсе дылеры.

Разумны чалавек пачытаў, пакруціў пальцам ля скроні і забыўся. Але ж знайшліся і тыя, хто паверыў словам доктара гістарычных навук, купіў прыбор і пабег шукаць свае тысячы даляраў. Пашукаў у полі — няма, пашукаў у лесе — няма. Ну, тады ў кургане пэўна ёсьць...

Вы б лепш напісалі артыкул пра пахавальныя абрады старажытных славянаў, падвысілі б культуру суайчыньнікаў. І на курганы зроду ніхто не палез бы. Вы, відавочна, проста хацелі падфарбаваць сытуацыю, каб атрымаць лепшы эфэкт. Вось і атрымалі.

У інтэрвію сэнатара Свабодзе чытаем: „Так, як гэтую сволач саджаюць у Брытаніі, Францыі, Нямеччыне, Ізраілі — тое ж будзе і ў нас...“. Сп. Марзалюк! Калі вы ў краіне ўведзяце закон аб захаваньні гістарычнай спадчыны, аналягічны брытанскаму, аматары прыборнага пошуку вам пры жыцьці паставяць помнік, адліты зь медных імпэрскіх манэтаў — балазе ў кожнага іх поўна, забітых арганікай і хімічнымі ўгнаеньнямі...».

Парадак уліку археалягічных аб’ектаў і артэфактаў, выяўленых у часе навуковых палявых працаў на падставе афіцыйнага дазволу, а таксама ў адносінах да фізычных і юрыдычных асобаў, якія выпадкова выявілі матэрыяльны аб’ект, які можа мець прыкметы артэфакту, ад сёньня рэгулюецца палажэньнямі пастановы Савету міністраў № 185.

Бясплатная місія археалягічнай камісіі

Такім чынам, усе археалягічныя аб’екты і артэфакты падлягаюць абавязковай рэгістрацыі і ўліку. Рэгістрацыя афармляецца ўліковай карткай у папяровым і электронным выглядзе, форма якой вызначаецца НАН Беларусі або ўпаўнаважанай ёю юрыдычнай асобай. Улік аб’ектаў і артэфактаў ажыцьцяўляюць спэцыялісты НАН з адпаведнай кваліфікацыяй, якая дазваляе прымаць, фіксаваць і аналізаваць інфармацыю пра археалягічныя аб’екты і артэфакты, заносіць яе ў базу дадзеных.

Зьявілася і палажэньне аб археалягічных камісіях, якія будуць прымаць рашэньні пра аднясеньне матэрыяльнага аб’екту да археалягічнага артэфакту і ўключэньне яго ў адмысловы рэестар. У склад такой камісіі будуць уваходзіць прадстаўнікі аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму, спэцыялісты ў галіне археалёгіі і гісторыі з навуковых арганізацыяў, музэяў і ўстаноў адукацыі. Чальцы камісіяў ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на грамадзкіх асновах. Галоўная іх задача — разглядаць заявы фізычных і юрыдычных асобаў аб наданьні матэрыяльнаму аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці на падставе крытэраў гістарычнага, мастацкага, навуковага ды іншага культурнага значэньня. У выпадку ўключэньня артэфакта ў дзяржаўны рэестар рашэньне і фотаматэрыялы накіроўваюцца ў папяровым і электронным выглядзе ў НАН Беларусі.

Удакладняецца, што ня маюць шанцаў стаць археалягічным артэфактам аб’екты і прадметы, якія не зьяўляюцца вынікам жыцьця і дзейнасьці чалавека, узьніклі менш як 120 гадоў таму, ня маюць гістарычнага, мастацкага, навуковага і культурнага значэньня.

Такім чынам, згодна з прэзыдэнцкім указам № 485 і пастановай Савету міністраў № 185, нумізматычныя калекцыі неабходна да канца 2016 году афіцыйна зарэгістраваць у археалягічных камісіях пры выканкамах. Апроч таго, не дазваляецца зьбіраць і ціха «прысабечваць» знойдзеныя ў зямных нетрах прадметы, чый узрост перавышае 120 гадоў. Забаронена абменьвацца і гандляваць імі. Да незаконных валютных апэрацыяў прыраўнаны продаж замежных манэтаў, якія знаходзяцца ў абарачэньні. Нельга набываць і збываць дзяржаўныя ўзнагароды СССР і Беларусі.

Дармаеды і калекцыянэры: зьвёны аднаго ланцуга?

Менскі калекцыянэр, аматар прыборнага пошуку Руслан Верамей канстатуе: цяпер у зону кантролю трапляе практычна кожны беларус, які наўпрост ці ўскосна, сур’ёзна ці павярхоўна, але выяўляў цікавасьць да нумізматыкі. І гэта нават не беручы пад увагу іншыя сфэры калекцыянаваньня «на мяжы фолу»:

Руслан Верамей
Руслан Верамей

«Пасьля таго як увялі новыя патрабаваньні, фактычна кожны грамадзянін Беларусі мусіць дома ўсё перагледзець, каб, крый божа, не знайшлося чаго старэйшага за 120 гадоў, што не прайшло рэгістрацыю... Яны ўвогуле разумеюць аб’ём працы, які хочуць правесьці? Па-першае, у акрэсьленыя тэрміны адназначна не пасьпяваюць. Па-другое, мы ўжо бачым прыклады, як людзі „добраахвотна“ нешта робяць. З тымі ж „дармаедамі“: прыйдзеш у падатковую добраахвотна — атрымаеш зьніжку. І што, шмат пабегла, сарваўшы галаву? Налічылі, што ледзь не паўмільёна гуляе дармаедаў, а пайшлі „здавацца“ дзьве сотні. Тое ж і ў нашым выпадку: сур’ёзна разьлічваюць, што тысячы нумізматаў ламануцца рэгістраваць калекцыі? Ня думаю. Асабіста я ня веру, што, з аднаго боку, укладуцца ў вызначаныя тэрміны, зь іншага — што людзі пабягуць станавіцца на ўлік.

Шмат у каго ў калекцыях дзейныя манэты іншых краінаў, а гэта ўжо незаконныя валютныя апэрацыі. Людзі што, самі сабе пятлю на шыю завяжуць?

Мая пазыцыя па жыцьці такая: калі закон супярэчыць элемэнтарнай лёгіцы, калі відавочна, што ён з галіны фантастыкі і адарваны ад рэчаіснасьці, то закон няправільны. Яго трэба мяняць, бо праблемы надумваюцца штучна. З такім жа посьпехам можна марыць адмяніць гравітацыю. Ну хай выйдзе прэзыдэнцкі ўказ, каб сялянам было прасьцей бульбу капаць: вось адмяніў на ўборачны сэзон гравітацыю, праехаўся трактарам, разараў — бульба сама з баразны выскачыла. Добрая ідэя? Выдатная! Дык што ж яны такія ўказы не прымаюць? Нерэальныя, фантастычныя ўказы пішуць, а гравітацыю адмяніць ня хочуць».

З прыватнай калекцыі Руслана Верамея
З прыватнай калекцыі Руслана Верамея

Нават прадстаўнікі афіцыйнай археалёгіі не выключалі, што будзе абвешчаная «амністыя» для калекцыяў, якія ўжо ёсьць на руках у зьбіральнікаў даўніны — пры ўмове далейшай легалізацыі. Але гэты пункт ва ўрадавай пастанове прапісаны невыразна і пакідае падставы для розначытаньня.

Адно з палажэньняў гучыць наступным чынам:

«Рашэньне аб аднясеньні матэрыяльнага аб’екта да археалягічнага артэфакта і неўключэньні археалягічнага артэфакта ў рэестар прымаецца, калі: археалягічны артэфакт паступіў ва ўладаньне фізычных і юрыдычных асоб пасьля 17 сакавіка 2016 г.; заява пададзена пасьля 31 сьнежня 2016 г. Рашэньне аб аднясеньні матэрыяльнага аб’екта да археалягічнага аб’екта і (або) археалягічнага артэфакта і рашэньне аб уключэньні археалягічнага артэфакта ў рэестар не прымаецца, калі прадстаўленыя матэрыялы і (або) дакумэнты не адпавядаюць патрабаваньням заканадаўства, у тым ліку зьяўляюцца падложнымі, падробленымі або несапраўднымі».

Просьба перакласьці напісанае на чалавечую мову выклікала складанасьці нават у прафэсіяналаў. Адзін, каб не выглядаць некампэтэнтным камэнтатарам, выказаўся ананімна: здаецца, маецца на ўвазе, што пасьля ўступленьня закону ў сілу ўсе знаходкі задарма павінны перадавацца ва ўласнасьць дзяржавы. А рэгістрацыя пасьля 31 сьнежня 2016 году спыняецца. «Але як будзе прымяняцца закон на практыцы — ніхто дагэтуль ня ведае: указ 485 „ламаў мазгі“, а гэтыя палажэньні канчаткова ўсё заблыталі», — сказаў суразмоўца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG