Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве разглядаюць справу «Банды Молнара». Сваякі падсудных патрабуюць адкрытага суду


Магілёўская турма № 4. Судзяць «банду Молнара». Узмоцненыя захады бясьпекі
Магілёўская турма № 4. Судзяць «банду Молнара». Узмоцненыя захады бясьпекі

У Магілёўскай турме № 4 пачаўся закрыты судовы працэс супраць 30 абвінавачаных, якім інкрымінуецца стварэньне злачыннай арганізацыі ці ўдзел у ёй.

Галоўны фігурант справы, жыхар Бабруйску Сяргей Молнар, як падаюць некаторыя крыніцы, — крымінальны аўтарытэт, «злодзей у законе». Падсудным ставяць у віну рабункі, разбоі, вымагальніцтва, ашуканства, незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць, нелегальны абарот наркотыкаў і зброі. Сваякі падсудных лічаць, што справа сфабрыкаваная, і дамагаюцца, каб працэс праходзіў адкрыта. Сёньня яны прыехалі да турмы, каб падтрымаць сваіх арыштаваных дзяцей і мужоў.

Ад самага ранку на пляцоўцы перад турмой яе супрацоўнікі і міліцыянты выставілі кантрольна-прапускны пункт. Пры ўезьдзе на пляцоўку дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ.

Да турмы прыехалі больш за дзясятак сваякоў. Многія прывезьлі пакункі зь перадачамі. Паводле сваякоў, усе падсудныя — жыхары Бабруйску. Чаму працэс па гучнай справе зрабілі закрытым, сваякам, як яны сьцьвярджаюць, не тлумачаць.

Сваякі падсудных. За імі КПП, арганізаваны супрацоўнікамі турмы і АМАПу
Сваякі падсудных. За імі КПП, арганізаваны супрацоўнікамі турмы і АМАПу

«Мы езьдзілі ў Вярхоўны суд і дамагаліся, каб судовы працэс быў адкрытым. Калі нашы мужы і дзеці злачынцы, дык няхай судзяць адкрыта, няхай уся краіна ведае пра іх злачынствы. Вось чаго мы хочам», — заявіла журналістам маці аднаго з падсудных Аксана Кудраўцава.

Як сьцьвярджаюць сваякі, яшчэ да суду арыштаваных зрабілі злачынцамі. Многія факты, якія падавала Беларускае тэлебачаньне, у справе не фігуруюць, заяўляюць яны. Беларускае тэлебачаньне, запэўніваюць сваякі, падае сюжэты толькі тыя, у якіх падсудныя — злачынцы.

Сваякі настойваюць, што сьледзтва знаходзіла сьведак, якія мелі праблемы з законам, і тыя давалі патрэбныя паказаньні.

«Паказаньні бралі ў тых, у каго былі парушэньні закону, — сьцьвярджае Аксана Кудраўцава. — На майго сына далі паказаньні два хлопцы, якія сядзелі ў турме. Мы яшчэ верылі ў справядлівасьць нашага суду, але пасьля таго як пасяджэньне зрабілі закрытым, то мы ні ўва што ня верым. Гэта будзе ня суд, а тэатар, таму на пасяджэньне не пускаюць ні прэсу, ні родзічаў. Мы ня можам абараніць сваіх дзяцей. Будзем зьвяртацца, як не даможамся свайго ў беларускіх судах, у міжнародныя інстанцыі».

Сваякі чальцоў «банды Молнара»: «Мы хочам, каб суд праходзіў адкрыта»
Сваякі чальцоў «банды Молнара»: «Мы хочам, каб суд праходзіў адкрыта»

Паводле сваякоў, падсудныя па справе «банды Молнара» пад арыштам 22 месяцы. Сваякі настойваюць, што Сьледчы камітэт і Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю прагнуць паказаць плён сваёй працы, таму і зьявілася неабходнасьць выкрыць злачынную арганізацыю.

«Як было падведзена: „Бабруйск уздыхнуў спакойна, як перастаў плаціць даніну“. Аднак на справе выйшла, што ў Бабруйск прыяжджалі карэспандэнты Беларускага тэлебачаньня рабіць сюжэт для праграмы „Зона X“, хадзілі па рынку і не знайшлі ніводнага пацярпелага. Сьцьвярджаецца, што нібыта банда існуе ад 1991 году, але многім падсудным тады не было і году. Няхай хоць аднаго пакажуць пацярпелага, я тады выбачуся перад усім сьветам», — казалі журналістам сваякі падсудных.

Сьпіс пацярпелых. Як сьцьвярджаюць сваякі падсудных, працяжнікам пазначаныя тыя, хто ўжо ў турме
Сьпіс пацярпелых. Як сьцьвярджаюць сваякі падсудных, працяжнікам пазначаныя тыя, хто ўжо ў турме

Сваякі сьцьвярджаюць, што ніякай банды не было, а многія з «пацярпелых» ужо самі пад вартаю.

«Мы хочам паглядзець на працэсе, як працуюць адвакаты. Каб я ўбачыла, за што плачу. Дык чаму я як маці не магу прысутнічаць на судзе? Я не староньні чалавек. Нашы дзеці там, у турме, ня маюць ніякіх правоў, — аргумэнтуе неабходнасьць адкрытага працэсу маці яшчэ аднаго з падсудных.

Як сьцьвярджаюць сваякі, у турме падсьледных зьбіваюць і неабгрунтавана саджаюць у карцэр, каб схаваць пабоі ад адвакатаў. Да праваабарончых арганізацыяў родзічы не зьвярталіся. Прасілі журналістаў, каб тыя паказалі грамадзтву, што робіцца з падсуднымі ў турме.

Да турмы прыехала і былая жонка галоўнага фігуранта справы Сяргея Молнара — Анжэла. Як яна сьцьвярджае, былы муж ня мог стварыць злачынную групоўку, бо ў Бабруйск толькі наведваўся час ад часу. Мала хто з падсудных, настойвала яна, ведае Молнара настолькі добра, каб стаць чальцом ягонай «злачыннай арганізацыі».

«Калі ён „аўтарытэт“, гэта ж не азначае, што ён стварыў банду. Вы апытайце тых, хто ведае яго, дык яны скажуць, што ён пятнаццаць год ня жыў у Бабруйску. Я ў разводзе зь ім з 1997 году. За гэты час ён мо зьяўляўся ў Бабруйску разы чатыры», — апавядала былая жонка Сяргея Молнара.

Сваякі прывезьлі падсудным перадачы
Сваякі прывезьлі падсудным перадачы

У 120 тамах справы «банды Молнара» 80 крымінальных эпізодаў. Сьледзтва выявіла 64 пацярпелых. Сьведкамі ў справе праходзяць блізу 450 чалавек. Як сьцьвярджаецца, у затрыманых былі вынятыя сотні ювэлірных вырабаў, золата, каштоўныя камяні, аўтамабілі, нерухомасьць, буйныя сумы грошай. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што ўдзельнікі бабруйскай групоўкі пад кіраўніцтвам Молнара зьбівалі сваіх ахвяраў, патрабуючы грошай і дабротаў, «адціскалі» кватэры ды машыны, рабавалі і выкрадалі людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG