Як паведаміла прэсавая служба Памежнага камітэту Беларусі, затрыманьне адбылося за 300 мэтраў ад дзяржаўнай мяжы, у лясным масіве ў раёне населенага пункту Катлоўка. Парушальнікаў вінавацяць у спробе наўмыснага і незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы ў абыход пункту пропуску.
Затрыманыя патлумачылі, што спрабавалі перайсьці з Рэспублікі Беларусь у Літоўскую Рэспубліку, каб атрымаць палітычны прытулак.
Ім выпісалі позву ў Смаргонскую памежную групу для разбору і прыняцьця рашэньня.
Наўмыснае незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, калі гэтае дзеяньне ня цягне за сабой крымінальнай адказнасьці, а таксама спроба такога перасячэньня цягнуць за сабой папярэджаньне з дэпартацыяй альбо накладаньне штрафу ў памеры ад дзесяці да ста базавых велічынь з дэпартацыяй або без дэпартацыі.