Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давыдзька ганарыцца, што ён пэнсіянэр, а Якубовіч за праграму тройчы пагадзіўся з Бастунцом


Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў майцы з "Пагоняй", падчас эфіру «Клюбе рэдактараў» 28 лютага 2016 году
Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў майцы з "Пагоняй", падчас эфіру «Клюбе рэдактараў» 28 лютага 2016 году

Паводле меркаваньня кіраўніка БТ Генадзя Давыдзькі, швэды два стагодзьдзі таму абрабавалі палову сьвету, таму швэдзкія пэнсіянэры могуць дазволіць сабе вандраваць.

У чарговым «Клюбе рэдактараў» на Беларусь-1 удзел бралі галоўны рэдактар газэты «СБ — Беларусь сегодня» Павал Якубовіч, галоўны рэдактар тыднёвіка «Аргументы и факты» Ігар Сакалоў, кіраўніца агенцтва «Минск Новости» Кацярына Дубінская і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Першай тэмай абмеркаваньня стала падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Вядоўца Генадзь Давыдзька запытаўся, як прысутныя ўяўляюць аблічча пэнсіянэра.

Ігар Сакалоў адзначыў, што «пэнсіянэр сёньня — гэта адсутнасьць статусу ў чалавека, гэта пэўны страх, гэта меншы прыбытак, а ў сьвеце апошніх павышэньняў паслуг ЖКГ — гэта яшчэ большы страх». Павал Якубовіч, якому сёлета споўніцца 70 гадоў, кінуў кароткую рэпліку: «Усе мы там будзем».

Андрэй Бастунец запярэчыў, што далёка ня ўсе дацягваюць да пэнсіі. Ігар Сакалоў заўважыў, што і цяпер ідзе барацьба за працоўныя месцы, а куды ўладкоўвацца моладзі?

І тут Давыдзька з гонарам сказаў, што ён пэнсіянэр, і вельмі актыўны пэнсіянэр. (Генадзь Давыдзька нарадзіўся ў 1955 годзе — РС). Далей Давыдзька распавёў, што зрабіў маніторынг сярод сваіх знаёмых перадпэнсійнага веку, і 80% адказалі, што хочуць працаваць. І як страшна мужчыне ісьці на пэнсію, асабліва ў горадзе.

Андрэй Бастунец узгадаў артыкул на сайце Свабоды, што навукова-дасьледчыя ўстановы, Акадэмія навук эканамічнымі і сацыялягічнымі разьлікамі не займаліся. Пачнуцца перамены без сур’ёзных абгрунтаваньняў і разьлікаў.

Павал Якубовіч пагадзіўся з Бастунцом, што сапраўды дасьледаваньняў не было, і гэта па-нашаму: «Пакуль гром ня грымне, мужык не перахрысьціцца».

І тут Давыдзька апісаў два абліччы пэнсіянэраў:

«Існуе карцінка: эўрапейскі альбо сярэдні амэрыканскі пэнсіянэр — вечна ўсьмешлівы, з добрымі зубнымі пратэзамі. І ёсьць пэнсіянэры нашы — задумлівыя, пахмурныя, у хустачках, якія часам нешта патрабуюць. У цэлым узьнікаюць дзьве карціны: адна мажорная — пэнсіянэр як цікаўны вандроўнік, і пэнсіянэр — як абяздолены, які падлічвае грошы».

На рэпліку Андрэя Бастунца, што на гэта ёсьць абгрунтаваньне: швэдзкія пэнсіянэры на сваю пэнсію могуць дазволіць сабе вандраваць па сьвеце — Давыдзька адказаў наступнае:

«Натуральна, яны два стагодзьдзі таму абрабавалі палову сьвету і на гэтыя сродкі могуць гэта сабе дазволіць. А нас забівалі практычна ўсю гісторыю нашага народа».

Другая тэма абмеркаваньня — два інтэрнэт-рэсурсы атрымалі папярэджаньні. Няўжо самацэнзура — самае страшнае? — пытаецца Давыдзька. Тут Андрэю Бастунцу далі магчымасьць выказацца і амаль не перабівалі — ён прывёў прыклады, за якія дробязі незалежныя СМІ атрымлівалі папярэджаньні. І Павал Якубовіч двойчы пагадзіўся з Бастунцом: адзін раз сказаў, што ў нечым згодны са старшынём БАЖ, а другі — што Андрэй Бастунец мае рацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG