Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масьленіца ў Гомелі. ФОТАГАЛЕРЭЯ


12 сакавіка паўмільённы Гомель сьвяткаваў масьленіцу адразу ў чатырох раёнах.

У мікрараёне «Гомсельмаш», які належыць да Чыгуначнага раёну, яе назвалі «Шырокаю Масьленіцай». Тут паказвалі тэатралізаваную праграму «Масьленіцу сустракаем!», спаборнічалі ў конкурсе на кіданьне мётлаў, пілавалі на хуткасьць бярвеньне — адно толькі камбайнаў не выраблялі. Цэнтральны раён дзівіў гараджан танцавальным маратонам «Масьленіца-тапатуха», бягамі ў мяшках і ў повязі з кумой, Навабеліцкі раён — бліннымі майстрыхамі з паўсюднай дэгустацыяй, халасьцяцкаю цямніцаю і шапікам умацаваньня сямейных ланцугоў.

З дасьціпнымі прыдумкамі ладзілася Масьленіца каля ДК «Фэстывальны» ў Савецкім раёне. Адкрылася яна суперніцтвам вясёлых сватоў. Будучыя жаніхі й нявесты, цешчы й свацьці бралі ўдзел у блінным квэсьце, у конкурсе па спажываньні бліноў.

На супольных лыжах тут навыперадкі кінуліся ў сваты, ажно пакуль лыжа не наехала на блінец, сымбалізуючы тым самым перамогу на дыстанцыі.

Пад захапляльную музыку моладзь зладзіла флэшмоб «Танец з блінам». Працавалі «Масьленічныя падворкі», на якіх і малых і старых частавалі блінамі са сьмятанай ды варэньнем. А яшчэ былі забавы й гульні са спальваньнем пудзіла Зімы.

На сьвята завіталі нават аматары «Паспалітага рушаньня» ў рэканструяваных строях ваяроў Вялікага Княства Літоўскага.

«У старажытнасьці падчас такіх гуляньняў праяўляліся таленты нашых продкаў, іх здольнасьці і характар», — кажа ўдзельнік «Паспалітага Рушаньня» Сяргей Малчанаў.

Масьленіца — адно з самых найстаражытнейшых сьвятаў. Яно ўзьнікла ў нашых продкаў задоўга да хрысьціянства і сымбалізавала сабою культ прыроды, адраджэньне плодных сілаў зямлі. Першапачаткова сьвята зьвязвалася з днём вясновага сонцазвароту, але пасьля прыняцьця хрысьціянства яно цяпер папярэднічае Вялікаму пасту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG