Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці павялічаць у Беларусі пэнсійны ўзрост?


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Алег Грузьдзіловіч, Ян Максімюк.

Глод: Аляксандар Лукашэнка ўчора правёў нараду з урадам, на якой абмяркоўвалася сытуацыя з пэнсійным узростам у краіне. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ён знаходзіцца паміж двума меркаваньнямі: з аднаго боку, ёсьць прапановы ўраду павысіць пэнсійны ўзрост. І гэтыя прапановы грунтуюцца на эканамічнай сытуацыі ў краіне. З другога боку, ёсьць меркаваньні народу.

Уладзімер Глод
Уладзімер Глод

Лукашэнка казаў, што не дасягнутая пераважная большасьць сярод насельніцтва, якая б падтрымлівала прапанову ўраду аб павышэньні пэнсійнага ўзросту. Грамадзтва падзялілася прыкладна напалову.

Як заўжды, кіраўнік дзяржавы выступаў красамоўна:

«Скажы жанчыне, што яна старая ў 55 гадоў або пэнсіянэрка! Слухайце, пакрыўдзіцца! А калі мы прапануем: калі ты не старая, не пэнсіянэрка, давай папрацуй — іншае нейкае меркаваньне. Тое самае і пра мужыкоў можна сказаць. Яны дэманстратыўна ня крыўдзяцца, але ў душы. У 60 гадоў мужык — гэта конь, на якім можна яшчэ араць і плугам не ў адзін корпус, а ў тры корпусы зачапіць, і пацягне».

Цяпер у Беларусі жанчыны выходзяць на пэнсію ў 55 гадоў, мужчыны — у 60.

На постсавецкай прасторы сытуацыя розная. У Расеі, напрыклад, узроставыя нормы гэткія самыя, як у Беларусі. У Азэрбайджане пэнсійны ўзрост для жанчын — 60 гадоў, для мужчын — 63. У Казахстане жанчына мае права атрымліваць пэнсію з 58 гадоў, а мужчына — з 63.

І яшчэ некалькі красамоўных лічбаў. Нагрузка на бюджэт праз выплату пэнсіяў у Беларусі складае 10% ад ВУП. У Казахстане — 3%, у Азэрбайджане — 5%, і гэта пры тым, што сёньня пэнсія ў казахстанцаў і азэрбайджанцаў паводле сваіх памераў аднолькавая з пэнсіямі ў Беларусі.

Калі глядзець на структуру насельніцтва, то ў Казахстане пэнсіянэры складаюць 11% ад усяго насельніцтва, у Азэрбайджане — 14, а ў Беларусі — ажно 24. І таму захады беларускага ўраду цалкам зразумелыя. Нагрузка на бюджэт становіцца ўсё мацнейшай і мацнейшай. І выхад з гэтай сытуацыі можа быць толькі адзін — падняць пэнсійны ўзрост.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапанавала тры варыянты павышэньня пэнсійнага ўзросту: да 60 гадоў у жанчын і да 65 у мужчын; да 60 гадоў у жанчын і да 63 у мужчын; да 58 гадоў у жанчын і да 63 гадоў у мужчын.

Але ж у Беларусі сярэдняя працягласьць жыцьця мужчын — 61–62 гады. З павышэньнем плянкі да 65 гадоў многія мужчыны проста не дажывуць да сваёй пэнсіі.

А што думаюць пра гэта беларусы? Тыя, хто выступае супраць павелічэньня пэнсійнага ўзросту, кажуць, што ня ўсе здольныя зарабіць сабе і бацькам на нябедную старасьць. Няўжо той, хто працуе па 35–40 гадоў, не зарабіў сабе на прыстойную пэнсію? Спачатку павінна адбыцца павышэньне ўзроўню і працягласьці жыцьця, а пасьля ўжо пэнсійная рэформа. Нельга спадзявацца на тое, што многія проста не дацягнуць да новага пэнсійнага ўзросту.

Тыя, хто выступае за рэформу, кажуць, што пачынаць яе трэба не са звычайных пэнсіянэраў, а з чыноўнікаў і асабліва сілавікоў, большасьць зь якіх сёньня мае права выходзіць на пэнсію ў 45 гадоў.

Грузьдзіловіч: Хацеў бы запярэчыць спадару Глоду ў тым, што падвышэньне пэнсійнага ўзросту — гэта адзіны выхад для ўлады. Так, падвышэньне пэнсійнага парогу даўно насьпела, і гэта, як мы ўсе бачым, ужо непазьбежна. Нават намечаныя ўжо і пэўныя лічбы, чаго раней не было. Вось як прыціснула ўладу, якой проста не хапае грошай ужо нават на тыя мізэрныя пэнсіі 100 даляраў, якія выплачваюць цяпер.

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

Але ж гэта не вырашае праблему кардынальна, бо пэнсійная сыстэма не рэфармуецца, а яе крах проста адкладаецца. Праз 2–3 гады ўлады зноў будуць прасіць грошай у МВФ і абвінавачваць сваё насельніцтва, што гэта яно ня хоча падвышэньня пэнсійнага ўзросту. Галоўная праблема, што дагэтуль ня створаныя незалежныя пэнсійныя фонды, не пералапачаная ўся гэтая сыстэма на ўзор усясьветнай. І, па-другое, ня створаныя ўмовы для існаваньня і разьвіцьця незалежных камэрцыйных пэнсійных фондаў, куды б людзі маглі самі пералічваць свае грошы, прычым паводле свайго жаданьня, большыя або меншыя. А пасьля адтуль атрымліваць грошы.

Сёньня беларускія пэнсіянэры — фактычна прыгонныя людзі, якія пасьля выхаду на пэнсію стаяць з працягнутай рукой. Сёньня даюць 100 даляраў, праз год могуць даць 110, а яшчэ праз пару-тройку гадоў 50. І ўсё роўна яны будуць удзячныя ўладзе, што хоць нешта ім даюць. Трэба рэфармаваць сыстэму кардынальна. А гэтага я ня бачу.

А стаўленьне сілавікоў да таго, што пэнсійны ўзрост, магчыма, падвысяць і для іх? Канечне, і гэта насьпела. Праўда, трэба ўлічваць, дзе хто канкрэтна працаваў. Вось падпалкоўнік міліцыі Казлоў кажа, што ў вышуку пасьля 45 гадоў працаваць цяжка. А той, хто сядзіць на кадрах ці іншай няпыльнай працы, можа ісьці на пэнсію пазьней. Але яго трэба пераводзіць у цывільныя супрацоўнікі і праз гэта рашаць праблему.

Я ня думаю, што калі сілавікоў адправяць на пэнсію не ў 45, а ў 50 гадоў, то яны будуць моцна абурацца, а Лукашэнка страціць іх падтрымку. Бо на «гражданцы» цяпер уладкавацца і сілавікам вельмі складана. Нядаўна знаёмы шукаў працу ахоўнікам аўтастаянкі, дык ня можа знайсьці.

Але ўладзе давядзецца сур’ёзна задумацца над тым, куды падзець моладзь, якая не атрымае працоўных месцаў, бо пэнсіянэры тых месцаў ня вызваляць. У тым ліку гэта будзе і ў сілавым блёку, дзе прызвычаіліся даволі хутка прасоўвацца па пасадах і званьнях. У 40 гадоў ужо маёр ці нават падпалкоўнік! Ня бачна, каб што рабілася для моладзі, якая пасьля ВНУ, пасьля розных коледжаў ня знойдзе сабе працы. Разьлік на тое, што яны пазьяжджаюць за мяжу і праблема разыдзецца сама сабой, ужо марны, бо шлях у Эўропу перакрыты, а ў Расею ехаць эканамічнага сэнсу ўсё меней.

Максімюк: У Польшчы пэнсійная рэформа і павышэньне пэнсійнага ўзросту апошнімі гадамі былі прадметам палітычных баталіяў. І фактычна яны трываюць і сёньня.

Ян Максімюк
Ян Максімюк

У 2013 годзе ўрад Дональда Туска здолеў правесьці закон, які падвышаў пэнсійны ўзрост палякаў да 67 гадоў. А да таго часу ў Польшчы мужчыны маглі выходзіць на пэнсію ў 65 гадоў, а жанчыны — у 60. Аднак у Польшчы гэта робіцца паступова. Узрост 67 гадоў для мужчын будзе ўведзены ў 2020 годзе, а для жанчын — у 2040. Але пры ўмове, што гэты закон застанецца дзейнічаць. Партыя «Права і справядлівасьць», якая летась пераняла ўладу, паабяцала вярнуць ранейшы пэнсійны ўзрост. Гэта было адным з галоўных абяцаньняў выбарчай кампаніі. І цяпер існуе некалькі законапраектаў.

Я яшчэ прыгадаю, што падвышэньне пэнсійнага ўзросту ў Польшчы адбывалася ў той момант, калі пэнсіянэры складалі 16–17% ад агульнай колькасьці насельніцтва. А ў Беларусі яны складаюць амаль чацьвёртую частку насельніцтва. І зразумела, што тут розныя маштабы і розныя праблемы.

І яшчэ, з чаго зыходзілі ў Польшчы, калі рабілі пэнсійную рэформу, — гэта сярэдняя меркаваная працягласьць жыцьця. Для жанчын гэта 82 гады, для мужчын — 73. І, як бачыце, тут сытуацыя таксама непараўнальная зь Беларусьсю.

Але ж у любой краіне пытаньне пэнсійнага ўзросту — адно з самых балючых і, я б сказаў, самых папулісцкіх у палітыцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG