Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славаччына: ультраправыя трапілі ў парлямэнт


Мар’ян Котлеба з паплечнікамі ва ўніформе
Мар’ян Котлеба з паплечнікамі ва ўніформе

14 месцаў у новым складзе славацкага парлямэнту зоймуць дэпутаты партыі, якую многія аглядальнікі характарызуюць як нэанацысцкую. Карэспандэнт Бі-бі-сі Роб Кэмэран паведамляе з Браціславы пра вынікі парлямэнцкіх выбараў.

З аднаго боку, парлямэнцкія выбары, якія прайшлі ў суботу ў Славаччыне, завяршыліся прадказальна: прэм’ер-міністар Робэрт Фіца прыступае да складанай задачы фармаваньня новай кіруючай кааліцыі. Але тым ня менш, іх вынікі выклікалі сапраўдны шок, піша Роб Кэмэран. Уся справа ў посьпеху ўльтранацыяналістаў Мар’яна Котлебы і яго Народнай партыі «Наша Славаччына».

Марыяна Котлеба прымусіў пра сябе загаварыць ў 2013 годзе, калі ён выйграў выбары ў Банскабыстрыцкім краі і стаў яго губэрнатарам.

А на сёлетніх выбарах у парлямэнт яго партыя атрымала 8% галасоў і будзе мець 14 дэпутатаў.

Тэрмін «нэанацысцкі» часта вельмі вольна ўжываецца для апісаньня тых палітыкаў, чые погляды выглядаюць правей за пазыцыю Марын Лё Пэн, лідэра Нацыянальнага фронту ў Францыі.

Але Марыян Котлеба сапраўды да нядаўніх часоў быў нэанацыстам. Ён любіў зьяўляцца на публіцы ва ўборы, які нагадвае форму фашысцкіх апалчэнцаў з арганізацыі «Глінкава гвардыя», якая існавала ў Славаччыне ў гады Другой сусьветнай вайны.

500 райхсмарак за кожнага габрэя

Ён і яго пасьлядоўнікі ўзялі на ўзбраеньне ўсю сымболіку і рыторыку «Глінкавай гвардыі». Яны лічаць сябе нашчадкамі Першай Славацкай рэспублікі, першага экспэрымэнту з славацкім сувэрэнітэтам, які рэалізаваўся ў гады вайны пры падтрымцы нацысцкай Нямеччыны.

Ня трэба мець ніякіх ілюзій. Славацкая дзяржава была клерыкальнай-фашысцкім рэжымам, створаным на ўзор нацысцкай Нямеччыны. «Глінкава гвардыя» заўзята перасьледавала ворагаў рэжыму, перш за ўсё габрэяў.

У 1941 годзе было заключана беспрэцэдэнтнае па сваім цынізьме і жорсткасьці пагадненьне зь Нямеччынай аб дэпартацыі габрэяў. Славаччына прапанавала тады плаціць па 500 райхсмарак за кожнага габрэя, дэпартаванага ў рамках сваіх абавязаньняў па адпраўцы ў Нямеччыну 120 тысяч працоўных — пры ўмове, што гэтыя габрэі ніколі ня вернуцца ў краіну.

І яны не вярнуліся.

У выніку каля 75 тысяч славацкіх габрэяў, 83% ад колькасьці габрэйскай абшчыны Славаччыны ў перадваенны пэрыяд, загінулі ў нацысцкіх лягерах сьмерці — нават пасьля таго, як славацкі дыктатар Ёзэф Ціса на патрабаваньне Ватыкану неахвотна спыніў дэпартацыі.

І вось гэтым рэжымам захапляюцца Марыян Котлеба і 13 новых дэпутатаў парлямэнту ад Народнай партыі «Наша Славаччына». Пра гэты рэжым Котлеба сказаў аднойчы, што тады было «райскае жыцьцё».

У 2014 годзе, калі адзначалася 75-годзьдзе заснаваньня Славацкай дзяржавы, мясцовая газэта ў горадзе Банска-Бістрыца абвясьціла, што губэрнатар Котлеба «вызваліў» гарадзкую ратушу, зьняўшы зь яе сьцяг Эўрапейскага Зьвязу. Котлеба ненавідзіць і ЭЗ, і НАТА, называючы апошнюю арганізацыю тэрарыстычнай.

«Момант вялікай ганьбы»

З таго часу, як Марыян Котлеба стаў губэрнатарам, ён зьмяніў форму ў стылі «Глінкавай гвардыі» на пінжакі з тоўстага карычневага вэльвэту.

Але як адзначаюць славацкія камэнтатары, зьмена ўніформы не прывяла за сабой зьмену поглядаў.

Антыімігранцкая праграма Котлебы і яго партыі відавочна прыцягнула нямала маладых выбарцаў у тых раёнах Славаччыны, якія пакутуюць ад беднасьці і сацыяльнага расслаеньня.

Марыян Котлеба назваў здраднікамі тых славацкіх дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту, якія прагаласавалі за ўвядзеьнне ў ЭЗ сыстэму квот на прыём мігрантаў.

«Славаччына перажывае момант вялікай ганьбы», — кажа Том Нікалсан, брытанска-канадзкі журналіст газэты SME, які пражыў у краіне 23 гады.

«Партыя Котлебы не падобная да францускага Нацыянальнага фронту, які можна назваць вельмі правай партыяй. Гэта — нацысты», — лічыць Нікалсан.

«У яе шэрагах — скінхэды, яны прылюдна зігуюць адзін аднаму і праводзяць сходкі ў Браціславе, на якія зьбіраецца да 2 тысяч чалавек. Там яны выкрыкваюць абразы на адрас уцекачоў і мігрантаў з Блізкага Усходу», — распавёў ён у інтэрвію Бі-бі-сі .

Вынікі толькі што праведзеных у Славаччыне парлямэнцкіх выбараў мусяць стаць навукай для Цэнтральнай Эўропы і ўсяго кантынэнту.

Многія партыі, прадстаўленыя ў славацкім парлямэнце — у тым ліку памяркоўныя сілы, такія як левацэнтрысцкая партыя прэм’ер-міністра «Курс — сацыяльная дэмакратыя», — падчас перадвыбарчай кампаніі выступалі з падобнымі засьцярогамі аб «мусульманскім нашэсьці», якое пагражае «захліснуць» гэтую невялікую хрысьціянскую нацыю з насельніцтвам усяго 5 мільёнаў чалавек.

Назіральнікі папярэджвалі, што выкарыстаньне нацыяналістычных лёзунгаў разахвоціць дэманаў Цэнтральнай Эўропы і выпусьціць з бутэлькі джына эўрапейскага нацыяналізму.

На жаль, адзначаюць яны, менавіта гэта і адбылося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG