Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 1 сакавіка: Разгляд скаргі журналіста Паўла Дабравольскага; 80 гадоў Лідзіі Савік, Міжсусьветны дзень Бум-Бам-Літу


Лідзія Савік
Лідзія Савік

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Падзеі

Менскі гарадзкі суд будзе разглядаць скаргу журналіста Паўла Дабравольскага, які аспрэчвае накладзены на яго штраф нібыта за нецэнзурную лаянку і супраціў АМОНу. 25 студзеня Павал Дабравольскі быў зьбіты ў будынку суду Фрунзенскага раёну Менску, дзе рыхтаваў рэпартаж аб працэсе па «справе графіцістаў». (Менск, Дуніна-Марцінкевіча, 1/3. Пачатак разгляду а 15:00).

Міжсусьветны дзень Бум-Бам-Літу пройдзе у кнігарні «Галіяфы» (Менск, Старавіленская, 6, а 19-й). У першы дзень вясны ўдзельнікі акцыі (Ільля Сін, Вольга Гапеева, Пятро Васючэнка, Віктар Жыбуль, Серж Мінскевіч, Міхаіл Галдзянкоў, Зьміцер Вішнёў, Алесь Туровіч, Юрась Барысевіч, Арцём Кавалеўскі) абяцаюць напампаваць галасы сьвежым паветрам і зьдзівіць.

Прэзэнтацыя зборніка «Лета 1941. Дакумэнты, матэрыялы, фатаграфіі» пройдзе ў канфэрэнц-залі Беларускага дзяржаўнага музэю гісторыі Вялікай айчыннай вайны (пр. Пераможцаў, 8, пачатак а 17-й). Зборнік сабраў дакумэнты пра першыя чатыры тыдні вайны з савецкіх, нямецкіх і польскіх крыніц.

Прэзэнтацыя кнігі Анатоля Івашчанкі «Анаталёгія» пройдзе ў кнігарні «ЛогвінаЎ» у Менску. Пачатак а 19:00. Акрамя аўтара, удзел возьмуць: Наталка Бабіна, Сяргей Дубавец, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Усевалад Сьцебурака.

Сэмінар-воркшоп Buy Belarus будзе ўпершыню арганізаваны для турыстычных кампаній, гасьцініц, санаторыяў. Галоўная тэма — як прадаваць турыстычныя паслугі ў Беларусі. (Рэнэсанс гатэль, Менск, пр. Дзяржынскага 1Е, пачатак а 9:30).

У гісторыі:

1581 — створаны трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.

1810 — нарадзіўся Фрыдэрык Шапэн, польскі кампазытар і піяніст.

1881 — беларус Ігнат Грынявіцкі бомбай забіў расейскага цара Аляксандра ІІ. Грынявіцкі таксама загінуў у той дзень, сьмяротна паранены выбухам бомбы.

1896 — Антуанам Анры Бэкерэлем была адкрытая зьява радыеактыўнасьці.

1917 — нарадзіўся Фёдар Шмакаў, беларускі актор, рэжысэр, Народны артыст Беларусі (1959), Народны артыст СССР (1975).

1918 — выйшаў у сьвет першы нумар газэты «Дзяньніца» — першай савецкай газэты на беларускай мове.

1936 — нарадзілася Лідзія Савік, беларускі літаратуразнаўца, крытык.

2005 — у Беларусі пачалася агульнанацыянальная забастоўка прадпрымальнікаў.

У памяці:

1933 — ад сухотаў у ссылцы ў Кіраўскай вобласьці ў Расеі памёр Уладзімер Жылка, беларускі паэт.

Цытата:

«Ноч стушыла агні, пад акно

Падступіла й цікуе жахліва.

Што пачну выглядаць? Не відно,

Не відно — за акнамі маўкліва.

Без зары, без агню немага,

Немага, калі ноч — як магіла.

І чаго спадзявацца ільга,

Калі змроку крыло атуліла?

На душы пустата, немата,

Не ўзрушае ні песьня, ні дзейнасьць.

Толькі сум, як увосень слата,

І спакой, і спакой — безнадзейнасьць».

Уладзімер Жылка, «Безнадзейнасьць»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG