Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхі апасаюцца ўцекачоў і купляюць зброю


Колькасьць заявак на выдачу пасьведчаньня на нашэньне зброі ў Чэхіі значна вырасла. Раней людзі набывалі зброю для спартовых мэтаў, цяпер жа галоўнай прычынай зьяўляецца самаабарона.

У 2005 годзе ў Чэхіі было зарэгістравана крыху больш за 621 тысячы адзінак агнястрэльнай зброі, у 2015 годзе іх колькасьць ужо перавысіла 800 тысяч. І гэта не мяжа, паведамляе Чэскае радыё. Мяркуецца, што колькасьць людзей, якія валодаюць зброяй, павялічыцца ў разы. Заявы на атрыманьне пасьведчаньня на нашэньне зброі падае ўсё больш людзей, у сувязі з гэтым расьце і колькасьць жадаючых прайсьці навучаньне на стрэльбішчах.

«Гэта ўжо ня проста цікавасьць, у нас тут сапраўднае нашэсьце людзей, якія жадаюць наведваць курсы. Я, вядома, не хачу ўдаваць зь сябе нейкага празорцу палітычных падзей, але, падобна, што такая павышаная цікавасьць да зброі выкліканая ўцекачамі. Людзі баяцца», — паведаміў у інтэрвію Чэскаму тэлебачаньню Іржы Ота з праскага стрэльбішча Kapslovna.

Іржы Ота таксама распавёў, што калі раней прафэсійны экзамэн на пасьведчаньне на нашэньне зброі праводзіўся раз на месяц, дзе экзамэнавалі 30 чалавек, то цяпер ён праводзіцца тройчы на месяц. Прычым здаваць іспыт прыходзяць людзі практычна ўсіх узроставых катэгорыяў — ад 21 да 85.

Каб падаць у Чэхіі заяву на пасьведчаньне аб валоданьні зброяй, трэба выканаць сем умоваў: мець пастаяннае месца жыхарства ў Чэскай Рэспубліцы, дасягнуць адпаведнага ўзросту, які, у залежнасьці ад тыпу зброі, складае ад 18 да 21 года. Заяўнік павінен быць праваздольным і абавязаны прайсьці мэдычнае абсьледаваньне. Зацікаўлены ў атрыманьні пасьведчаньня мусіць атрымаць прафэсійную падрыхтоўку. Чалавек павінен быць чыстым перад законам. Яшчэ адна неабходная якасьць — надзейнасьць. Тут правяраецца, ці не ўжывае чалавек у празьмерна алькаголь і ці не зьяўляецца нарказалежным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG