У Брусэлі выказалі сумнеў у тым, што Ўкраіна цалкам выканала патрабаваньні па барацьбе з карупцыяй.
У сьнежні 2015 году Эўрапейская камісія заявіла, што і Грузія, і Ўкраіна выканала ўмовы, якія дазволілі б даць іх грамадзянам права на бязьвізавае перамяшчэньне ў межах Шэнгенскай зоны. Адначасова, камісія заявіла, што накіруе свае рэкамэндацыі дзяржавам Эўрапейскага зьвязу і Эўрапейскаму парлямэнту ў пачатку 2016 году.
Разам з тым, прадстаўнік Эўразьвязу, які пажадаў не называць сябе, у размове з карэспандэнтам Радыё Свабода ў Брусэлі, выказаў сумневы ў «дастатковым» ўжываньні украінскімі ўладамі мераў па барацьбе з карупцыяй. Таму, па словах прадстаўніка ЭЗ, пытаньне пра бязьвізавы рэжым для Ўкраіны ня варта было б разглядаць адначасова з аналягічным пытаньнем для Грузіі.