Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знак бяды для магілёўскай рэчкі Дубравенка


Гэтак выглядае Дубравенка ўдалечыні ад людзкой апекі
Гэтак выглядае Дубравенка ўдалечыні ад людзкой апекі

Шмат у якіх беларускіх гарадах малыя рачулкі не ў найлепшым стане. Гадамі яны забруджваюцца, аж пакуль ня трацяць магчымасьць самарэгуляваньня.

У Магілёве эколягі ўзяліся ратаваць мясцовую рэчку Дубравенку. У межах свайго праекту «Шчасьлівы дождж» актывісты ўжо пачалі зьбіраць аналізы вады, затым мяркуюць усталяваць ачышчальныя збудаваньні ды заняцца экалягічнай асьветай жыхароў гораду.

Усёй рачулкі 18 кілямэтраў. Дзьве траціны з гэтай лічбы прыпадае на горад, прычым на даўно заселеныя мясьціны гістарычнай яго часткі. На беразе для патрэбаў аднаго зь мікрараёнаў функцыянуе водазаборная станцыя, якая абслугоўвае, паводле падлікаў эколягаў, больш за дваццаць тысяч чалавек.

Гэтак выглядае ўпарадкаваная Дубравенка
Гэтак выглядае ўпарадкаваная Дубравенка

У сыстэме ліўневай каналізацыі няма адстойнікаў, таму ў рэчку скідаюцца шкодныя рэчывы і наносны бруд з гарадзкіх вуліц. У моцныя залевы, кажуць эколягі, стан вады ў Дубравенцы значна пагаршаецца. Эколягаў хвалюе ня толькі чысьціня вады, але і стан рэчышча.

«Рака прымае прынамсі палову ўсёй ліўневай вады з гістарычнай часткі гораду, — кажа кіраўніца праекту «Шчасьлівы дождж» Ганна Скрыган.

«Рака малая і ня можа пераварыць таго аб’ёму бруду, які ў яе трапляе. Ліўневая каналізацыя практычна ня мае ачышчальных збудаваньняў. Вялікая нагрузка прыпадае на нізоўе даліны ракі. Гэтая частка дужа зьмянілася і дэградавала. Наша глябальная мэта — зьменшыць экалягічную нагрузку на Дубравенку», — заяўляе эколяг.

Ганна Скрыган
Ганна Скрыган

Праект прадугледжвае будоўлю некалькіх ачышчальных збудаваньняў, гэтак званых нафталавушак і пяскаловак. Цана пытаньня — блізу сарака тысяч даляраў. Паводле суразмоўніцы, кіраўніцтва камунальных і дарожных службаў гораду падтрымлівае эколягаў і гатовае дапамагаць.

Любая экасыстэма імкнецца да аднаўленьня, працягвае Ганна. Аднак у экасыстэмы ёсьць і парог трываласьці, пераадолеўшы які, яна незваротна разбураецца. Паводле эколяга, найбольш заселеная чалавекам частка даліны Дубравенкі апынулася за крытычнай мяжой. Ці будзе яна жыць, цяпер залежыць ад людзкой апекі.

Пакуль чалавек ня надта клапоціцца пра Дубравенку. Сьметнік з плястыкавых бутэлек
Пакуль чалавек ня надта клапоціцца пра Дубравенку. Сьметнік з плястыкавых бутэлек

У межах гораду на Дубравенцы ёсьць мясьціны, якія менш пацярпелі ад людзей і каналізацыйных зьліваў. Найперш гэта забалочаная частка ракі, кажа эколяг.

«Гэтая частка рэчышча захавалася ў больш натуральным стане. Балота спрыяе самаачышчэньню ракі. Там няма прамысловай забудовы і няма асфальтаваных дарог, толькі прыватны сэктар. Усё, што трапляе ў раку, — гэта біягены з агародаў ды прыбіральняў, аднак балоцістае рэчышча абсарбуе шкодныя рэчывы», — тлумачыць Ганна.

У двух месцах раку запрудзілі, утварыўшы біялягічныя стаўкі, каб ачышчаць ваду. Значна раней дзеля гэтага ж было ўтворанае і Пячэрскае вадасховішча. Эколягі мяркуюць высьветліць, ці насамрэч стаўкі і Пячэрскае возера ачышчаюць Дубравенку.

Ліўневая вада сьцякае проста ў Дубравенку
Ліўневая вада сьцякае проста ў Дубравенку

Два дзясяткі гадоў таму ладны кавалак дубравенкаўскай даліны да самога Дняпра, у самай асвоенай яе частцы, упарадкавалі. Берагі выпрасталі. Праклалі дарожкі. Упарадкаваную мясьціну аблюбавалі для шпацыру гараджане.

Ганна Скрыган не бярэцца ацэньваць, наколькі прадумана ўпарадкоўвалі Дубравенку, але адзначае: стаўкі неглыбокія, а праз адклады, якія наносіць рачная плынь, увесь час паволі мялеюць. Водарасьці, якімі зарастаюць стаўкі, рэгулярна трэба «выкошваць».

Астраўкі як знак, што раку варта ратаваць
Астраўкі як знак, што раку варта ратаваць

«Паводле экспэртаў, стаўкі могуць зарасьці дужа хутка, — тлумачыць эколяг. — Гэта добра фіксуецца па расьліннасьці, якая, асабліва ўлетку, тырчыць з вады, ды па астраўках, якія ўжо навідавоку. Гэта першасны сыгнал, што вадасховішча заглейваецца і вымагае ачышчэньня».

«Калі вада застойваецца і водаабмен парушаецца, то назіраецца такая зьява, як цьвіценьне вады, — дадае суразмоўніца. — Раска-ціна выдзяляе таксычныя рэчывы, і вада становіцца непрыдатная для любога выкарыстаньня. А яшчэ птушкі і прадукты іхнай жыцьцядзейнасьці, якія застаялай вадзе шкодзяць таксама».

Упарадкаванае выпрастанае рэчышча Дубравенкі з тым жа знакам бяды — астраўкамі
Упарадкаванае выпрастанае рэчышча Дубравенкі з тым жа знакам бяды — астраўкамі

Некалькі год таму ўпарадкаваную даліну Дубравенкі гарадзкія ўлады хацелі забудаваць катэджамі. Ператварыць у «маленькі Амстэрдам», як тады казалі. Дзяржаўная экалягічная экспэртыза выступіла супраць такіх захадаў.

«Маленькага Амстэрдаму» ня выйшла, але элітнае жытло на беразе Дубравенкі ўзводзяць
«Маленькага Амстэрдаму» ня выйшла, але элітнае жытло на беразе Дубравенкі ўзводзяць

«Было прапанавана дапрацаваць праект, каб зрабіць з даліны ракі сапраўды даліну, а ня нейкі штучны аб’ект. Эколягі таксама лічаць, што далейшыя антрапагенныя пераўтварэньні на Дубравенцы недапушчальныя. Для ракі вялікі стрэс — ужо тое, што на беразе стаіць рынак. А да таго ж паставілі аўтазаправачную станцыю, гэта яшчэ пагоршыла сытуацыю. Зразумела, мы ня можам вярнуць Дубравенцы яе натуральнае жыцьцё. Але паспрыяць паляпшэньню яе стану, каб яна знайшла сілы для самарэгуляваньня, мы павінны пастарацца», — заключае эколяг Ганна Скрыган.

Адзін з двух стаўкоў абмялеў. Знакі бяды — намытыя вадой астраўкі — навідавоку
Адзін з двух стаўкоў абмялеў. Знакі бяды — намытыя вадой астраўкі — навідавоку

Па берагах Дубравенкі нямала бытавога сьмецьця. У некаторыя мясьцінах яно звалена нібы рэчка сьметнік.

У праекце «Шчасьлівы дождж» задзейнічаныя студэнты ўнівэрсытэту імя Куляшова і Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту. Сярод іхніх заданьняў —удзел у экалягічных экспэртызах.

Студэнты вучацца ратаваць Дубравенку
Студэнты вучацца ратаваць Дубравенку

Фінансуецца праект праграмай разьвіцьця Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Яго бюджэт — 100 тысяч даляраў.

Тым часам эколягі занепакоеныя сытуацыяй на яшчэ адным водным аб’екце Магілёва. Грабянёўскаму возеру пагражае экалягічная катастрофа. Яно заплывае брудам. Спэцыялісты заяўляюць, што якасьць вады небясьпечная для здароўя чалавека.

У забруджваньні Сьвятога возера вінавацяць чаек. На Дубравенцы нямала качак
У забруджваньні Сьвятога возера вінавацяць чаек. На Дубравенцы нямала качак

Грабянёўскае, ці, як яго называюць магілёўцы, Сьвятое возера — помнік прыроды. Яно самае глыбокае на Магілёўшчыне. Углыб сягае 19 мэтраў. Упершыню ў гістарычных хроніках згадваецца ў 1643 годзе.

Што да Дубравенкі, то на яе берагах паўстаў Магілёў. Не адно стагодзьдзе рака бараніла горад, будучы прыроднай перашкодаю для чужынцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG