Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70 мільёнаў штрафаў мусіць сплаціць у бюджэт журналіст-фрылансэр з Гомеля


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

24 лютага судзьдзя Жлобінскага раённага суду Валянціна Сапонава аштрафавала гомельскага журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага адразу паводле двух адміністрацыйных пратаколаў — за выраб прадукцыі СМІ для тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі.

У абодвух выпадках сума штрафаў аднолькавая — 40 базавых велічыняў, агулам 16 мільёнаў 800 тысяч рублёў.

У першым сюжэце, паказаным 4 студзеня на тэлеканале «Белсат», гаворка вялася пра тое, што Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне трапіў у складанае эканамічнае становішча: працуе апошнія два гады са стратамі, пэрсанал адпраўляе ў вымушаныя адпачынкі, зразае рабочым розныя даплаты. У другім сюжэце расповед вёўся пра дзесяцігадовую рэканструкцыю фэрмы ў вёсцы Рудзенка. Працаўнікі яе пазьяжджалі зь вёскі ў пошуках новай працы, а рэканструкцыі жывёлагадоўчага памяшканьня не відаць канца.

«На разгляд адміністрацыйнай справы па сюжэце „Невясёлая фэрма стварае дармаедаў“ суд выклікаў ажно чатырох сьведак зь сельгаспрадпрыемства „Пірэвіцкі“, уключна з кіраўніком гаспадаркі, які камэнтаваў сытуацыю з рэканструкцыяй фэрмы. Нейкіх прэтэнзіяў да асьвятленьня выкладзеных у сюжэтах фактаў не было. Судзьдзя высьвятляла толькі: здымаў — не здымаў. Сьведак з боку БМЗ наагул не было. Тлумачэньні даваў аўтар адміністрацыйнага пратаколу, капітан міліцыі Аляксандар Раманенка», — апавёў Жукоўскі.

Фрылансэр перакананы, што ўсе падобныя суды ў дачыненьні да яго паводле артыкула 22.9 КаАП — гэта нішто іншае, як адмысловая замова на перасьлед. Уладам не даспадобы альтэрнатыўная «карцінка» беларускай рэчаіснасьці.

Незалежнага журналіста-фрылансэра сёлета ўжо тройчы штрафавалі паводле аналягічных адміністрацыйных пратаколаў зь міліцыі — у Калінкавіцкім, Кармянскім і Буда-Кашалёўскім судах.

У мінулым годзе раённыя суды Гомельскай вобласьці шэсьць разоў выносілі падобныя адміністрацыйныя пастановы ў дачыненьні да Жукоўскага. Агулам фрылансэр мае сплаціць цяпер у бюджэт нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі 70 мільёнаў 350 тысяч рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG