Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУДРЭЦ. Як я запісвала інтэрвію з першым прэзыдэнтам Украіны Леанідам Краўчуком


Сайт праекту "Расея і я"

Леанід Краўчук — адзін з найбольш адкрытых для журналістаў былых прэзыдэнтаў. Зь ім можна зьвязацца наўпрост праз мабільны тэлефон. У тым, каб даносіць свой погляд да як мага больш шырокай аўдыторыі, першы прэзыдэнт бачыць сваю місію як украінца і першага прэзыдэнта.

Такім чынам я ў Кіеве, накіроўваюся на вуліцу Грушэўскага, дзе месьціцца офіс былога прэзыдэнта. Гэта ўрадавы квартал, але будынак, у якім мае офіс Леанід Краўчук, невялікі і даволі просты ў параўнаньні зь іншымі.

Калі я прыляцела ў Кіеў, распытвала кожнага суразмоўцу, каго зь пяці прэзыдэнтаў Украіны яны лічаць найлепшым. Мая выбарка, натуральна, была не рэпрэзэнтатыўная, але ўсе як адзін мне казалі — нікога. Да кожнага прэзыдэнта назапасіла шмат прэтэнзій і папрокаў. У гэтым скептыцызьме, напэўна, і палягае адметнасьць украінскага характару, бо захоўваецца крытычнае стаўленьне да любой ўлады, якую народ можа мяняць.

Пакуль апэратары выстаўляюць камэры, Леанід Краўчук кажа, што заўсёды ахвотна дае інтэрвію беларускім журналістам. Паводле яго, галоўная праблема Беларусі — нястача нацыянальнай сьвядомасьці. Краўчука абралі прэзыдэнтам 6 сьнежня 1991 году, за некалькі дзён на падпісаньня гістарычных Белавескіх пагадненьняў. Адначасова з прэзыдэнцкімі выбарамі адбыўся ўсеўкраінскі рэфэрэндум аб незалежнасьці. Многія постсавецкія краіны (Малдова, Армэнія, Грузія) пасьпяхова правялі такія рэфэрэндумы, але не Беларусь. Краўчук неяк казаў, што калі б тады ў Беларусі правялі такі рэфэрэндум, большасьць беларусаў, магчыма, не прагаласавала бы. І гэта разумелі тады нацыянальныя эліты, якія накіравалі краіну на шлях незалежнасьці без народнага плебісцыту...

Але вернемся да гутаркі зь Леанідам Краўчуком. Муж і дзядзька ягонай ўнучкі ваююць на ўсходзе Ўкраіны. Сам Краўчук прызнаецца, што пайшоў бы ваяваць, каб быў маладзейшы, але мае ў доме ружжо, і калі ў ягоны дом прыйдзе вораг, ён будзе страляць. Першы прэзыдэнт раздрукаваў верш Ліны Кастэнкі пра Расею і Ўкраіну, пра вайну, і зачытвае яго на камэру гэтак, што мурашкі па скуры. Падчас інтэрвію Краўчук часам пераходзіць на родную мову, потым ізноў вяртаецца на расейскую. Тлумачыць, трымаючы руку ля сэрца, што гэта ягоная родная мова...

Адзін з маіх апэратараў, які быў вельмі скептычны што да вынікаў дзейнасьці ўсіх украінскіх прэзыдэнтаў, пасьля запісу прызнаецца, што Краўчук — ня проста вельмі разумны, але мудры палітык.


Партыйны ідэоляг, які заклаў асновы нацыянальнай дзяржавы. Прэзыдэнт, які паставіў свой подпіс пад гістарычнымі Белавескімі пагадненьнямі аб скасаваньні Савецкага Саюзу. Былы кіраўнік, які разумее, што кожны расейскі палітык бачыць Украіну выключна ў арбіце Расеі. Украінец, сямейнікі якога ў гэтыя дні бароняць сувэрэнітэт сваёй краіны на Данбасе. Прагматычны палітык, які прызнаецца, што паціснуў бы руку Пуціну і сказаў бы ўсё, што пра яго думае, але пры гэтым спрабаваў бы праз перамовы спыніць вайну.

Такім я пабачыла першага прэзыдэнта незалежнай Украіны Леаніда Краўчука. А ягоныя адказы на пытаньні для праекту Свабоды «Расея і я» прапаную кожнаму ацаніць самаму.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG