Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вас абслугоўваюць на запраўках „Беларуснафты“ на беларускай мове». Якой будзе рэакцыя магілёўцаў?


Пакуль пануе расейшчына, беларушчыну аўтаўладальнікі возяць у салёнах сваіх машын.
Пакуль пануе расейшчына, беларушчыну аўтаўладальнікі возяць у салёнах сваіх машын.

Сетка заправак «Беларуснафта» на сваёй старонцы ў Фэйсбуку просіць наведнікаў выказацца пра іх стаўленьне да беларускай мовы. «Сябры, у нас ёсьць для вас важнае пытаньне — напісана ў звароце. — Як вы ставіцеся да беларускай мовы ў суполцы «Беларуснафта?»

Пакуль заправачная сетка апытвае сваіх віртуальных сяброў у Фэйсбуку, магілёўскі карэспандэнт Свабоды пацікавіўся ў мясцовых аўтаўладальнікаў, кліентаў «Беларуснафты», пра іх рэакцыю, калі іх раптам пачнуць абслугоўваць на беларускай мове.

Ніводзін з двух дзясяткаў апытаных магілёўцаў ня выказаў нэгатыўнага стаўленьня да беларускамоўнага абслугоўваньня на запраўках. Бальшыня аўтаўладальнікаў, аднак, адзначыла, што першаснай рэакцыяй на мову апэратараў было б зьдзіўленьне.

Ці зьявіцца шыльда з назвай аўтазаправачнага сэрвісу на беларускай мове?
Ці зьявіцца шыльда з назвай аўтазаправачнага сэрвісу на беларускай мове?

«Буду зьдзіўлена, бо ніколі са мной па-беларуску ніхто не гаварыў на запраўках, — адказвае на пытаньне ўладальніца „Форда“. — Хаця, як мне падаецца, гэта цалкам нармальны крок, калі заправачныя сэрвісы пяройдуць на нацыянальную мову беларусаў. Па першым часе будзе нязвыкла, але часам сытуацыя нармалізуецца».

Буду зьдзіўлены, пачуўшы з акенца запраўкі беларускую мову, але рэакцыя будзе цалкам пазытыўнай.

«Буду зьдзіўлены, пачуўшы з акенца запраўкі беларускую мову, але рэакцыя будзе цалкам пазытыўнай, — заяўляе наступны аўтаўладальнік. — Гэта нацыянальная наша мова, таму ня трэба ёй заступаць дарогі. Няхай разьвіваецца і калі „Беларуснафта“ наважыцца на такі крок, то посьпехаў ёй. У назьве „Беларуснафта“ ёсьць слова „Беларусь“, таму, якія могуць быць пярэчаньні адносна беларускай мовы».

«Я свабодна магу камунікаваць зь беларускамоўнымі людзьмі і расейскамоўнымі», — зазначае наступны аўтаўладальнік.

Кліентаў „Беларуснафты“ больш хвалюе, перакананы, цана на паліва, чым тое, на якой мове іх будуць абслугоўваць.

«Калі б мне адказалі на ангельскай мове, дык я б зьдзівіўся, — дадае суразмоўца. — Беларуская ж мова — гэта ж нармальна. Мы ж жывём у Беларусі і, як мне падаецца, тут мусяць гаварыць свабодна і на беларускай мове, і на расейскай. Кліентаў „Беларуснафты“ больш хвалюе, перакананы, цана на паліва, чым тое, на якой мове іх будуць абслугоўваць. Калі б зьменшылі на палову цану на нафтапрадукты, дык беларуская мова ўспрымалася яшчэ больш пазытыўна».

«Я буду толькі рады гэтаму», — упэўнена кажа ўладальнік «Лексуса» пачуўшы пытаньне пра беларускамоўнае абслугоўваньне.

«Зьдзіўленьня ў мяне ня будзе, — спрабуе гаварыць па-беларуску суразмоўца з дарагога аўто, — Мы ж беларусы і трэба зь нечага пачынаць, як адчуваць сябе імі. Няхай гэта будзе на запраўках».

«Беларуская мова гістарычна родная нам, але так сталася, што бальшыня беларусаў расейскамоўныя, — разважае наступны суразмоўца, уладальнік „Нісана“. — Я, дык не гавару на беларускай мове. Мо прыежджым будзе прыемна пачуць беларускую гаворку на запраўках. Тады сапраўды яны адчуюць, што ў Беларусь прыехалі».

Асноўная праблема, ці здольны будзе пэрсанал заправак гаварыць па-беларуску.

«Я сумняваюся, каб на запраўках пачалі абслугоўваць кліентаў на беларускай мове, хоць пагаджуся, што гэта было б добра», — далучыцца да гутаркі яшчэ адзін аўтаўладальнік. — Асноўная праблема, ці здольны будзе пэрсанал заправак гаварыць па-беларуску. Думаецца, што мала хто з абслугі гаворыць на беларускай мове. Хто іх возьмецца вучыць, і ці захочуць яны вучыцца«.

«Пакуль мне падаецца, што такая ініцыятыва з фантастыкі, — выказвае сваю думку, наступны суразмоўца. — Пакуль, да жалю, расейская мова ў нас дамінуе. Расейскамоўных беларусаў больш, хоць і вучылі нас у школе беларускай мове, але не навучылі. Хаця свая мова мусіць быць у беларусаў».

Мне падаецца, што на запраўках „Беларуснафты“ не хапае ня толькі беларускай мовы, але і больш уважлівага абслугоўваньня

«Ну вы ж са мной гаворыце па-беларуску, хіба бачыце па мне, што я зьдзіўлены, — адказвае ўладальнік „Мэрсэдэса“. — Мне ж падаецца, што на запраўках „Беларуснафты“ не хапае ня толькі беларускай мовы, але і больш уважлівага абслугоўваньня. Там ёсьць над чым працаваць. Але я сумняваюся, што беларуская мова стане мовай абслугоўваньня на запраўках гэтай сеткі».

«Я рады буду пачуўшы беларускую мову. Наагул вітаю ўсё беларускамоўнае», — нібы падводзячы рысу пад апытаньнем заявіў апошні суразмоўца.

«Такую ініцыятыву я падтрымаў бы асабіста, бо я ж беларус. Але не бяруся вырашаць такое пытаньне за кіраўніцтва „Беларуснафты“. Яшчэ раз паўтаруся, усё беларускае мне даспадобы».

Год таму пра перавод абслугоўваньня на беларускую мову абвясьціла сетка заправак «А-100». Гэта тычыцца працоўнай мовы, а таксама тэхнічнага і рэклямнага аздабленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG