Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прызналі, што паставілі расейцам сыры зь лішкам кансэрвантаў


Беларусь прызнала, што перавышэньне колькасьці кансэрвантаў у сырах мела месца. Гэта пацьвердзіў дырэктар РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» Аляксей Меляшчэня. Ён паведаміў, што ў беларускіх прадпрыемстваў узьніклі праблемы зь перавышэньнем колькасьці кансэрвантаў у сырах.

Паводле Меляшчэні, якога цытуе Інтэрфакс, кансэрвант E251 (нітрат натрыю) традыцыйна выкарыстоўваецца пры вырабе сыру ня толькі ў Беларусі:

«Сёньня гранічна дапушчальная норма ў ЭАЭС складае 50 мг Е251 на 1 кг сыру. Рассельгаснагляд выявіў перавышэньне, але нязначнае — на 1–6 мг. Я б ня стаў рабіць з гэтага трагедыю».

Дырэктар РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» паведаміў, што пры дапамозе ягонай установы сытуацыя выпраўляецца. Ён абяцае, што перавышэньня ў беларускіх сырах колькасьці кансэрвантаў больш ня будзе.

Загадчыца лябараторыі сыраробства і масларобства РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» Людміла Багданава паведаміла, што на сёньняшні момант тыя прадпрыемствы, на якіх было выяўлена перавышэньне, зьменшылі дадаваньне кансэрванту да мінімуму.

На пачатку лютага Рассельгаснагляд заявіў, што беларускія сыры могуць выклікаць ракавыя захворваньні, таксама яны асабліва небясьпечныя пры захворваньнях сардэчна-сасудзістай і страўнікава-кішачнай сыстэм. Прычына палягае ў істотным перавышэньні дазволенай масавай долі кансэрванту Е251 у беларускіх сырах шэрагу прадпрыемстваў.

«Выкарыстаньне дадатку Е251 у празьмерных колькасьцях дазваляе нядобрасумленным вытворцам скарачаць вытворчы цыкль і нарошчваць аб’ёмы вырабленай прадукцыі на шкоду яе якасьці і бясьпецы», — паведамлялася на сайце расейскага ведамства.

Пры гэтым Рассельгаснагляд заяўляе пра «сур’ёзную занепакоенасьць у сувязі з сыстэматычнымі парушэньнямі патрабаваньняў тэхнічных рэглямэнтаў беларускімі вытворцамі малочнай прадукцыі».

Небясьпечныя сыры, у прыватнасьці, Рассельгаснагляд выявіў на Камянецкім сыраробным заводзе, у Бярэзінскім філіяле ААТ «Здравушка-Мілк», Браслаўскім філіяле Глыбоцкага МКК і Капыльскім філіяле Слуцкага сыраробнага камбінату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG