Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў фільм пра акупацыю Дэбальцава пасьля Менскіх пагадненьняў


Калёна ўкраінскіх вайскоўцаў праяжджае паўз Арцёмаўск пасьля выхаду з Дэбальцаўскага пляцдарму. 18 лютага 2015 году
Калёна ўкраінскіх вайскоўцаў праяжджае паўз Арцёмаўск пасьля выхаду з Дэбальцаўскага пляцдарму. 18 лютага 2015 году

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, выступаючы ў сераду на прэм’еры дакумэнтальнага фільма «Дэбальцава», назваў унікальнай апэрацыю Ўзброеных сіл Украіны пад гэтым горадам у Данецкай вобласьці год таму, у лютым 2015 году.

Паводле слоў Парашэнкі, зьмест Дэбальцаўскай апэрацыі шмат каму стаў зразумелы пазьней, празь некалькі месяцаў.

Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

«Ніхто не разумее, наколькі важным была прысутнасьць украінскіх войскаў (у Дэбальцава) падчас перамоваў у Менску, наколькі важным было даказаць усяму сьвету злачынны характар расейскага агрэсара. Таму ніякія не сэпаратысты-баевікі — адборныя часткі расейскага спэцназу штурмавалі Дэбальцава. І вораг заплаціў за гэта вельмі высокую цану », — падкрэсьліў прэзыдэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што падчас тых перамоваў у Менску ў лютым 2015 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін дамагаўся, каб ўкраінскія войскі пад Дэбальцава склалі зброю.

Тады Дэбальцава Данецкай вобласьці спрабавалі захапіць сумесныя сілы рэгулярнай расейскай арміі і ўзброеных сэпаратыстаў у той час, калі лідэры чатырох краінаў «нармандзкага фармату» вялі ў Менску перамовы аб спыненьні агню. Тады Пуцін дамогся адкласьці пачатак спыненьня агню на некалькі дзён, каб за гэты час такі захапіць Дэбальцава; гэта не ўдалося зрабіць да вызначанага тэрміну, але сумесныя расейска-сэпаратысцкія сілы, насуперак толькі дасягнутай дамоўленасьці, працягнулі наступ і ў канцы ўсё ж акупавалі гэты горад.

Паводле вэрсіі Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, украінскія войскі, утрымліваючы Дэбальцаўскі пляцдарм да 18 лютага, сарвалі пляны суперніка па маштабным наступе, які прадугледжваў захоп Бахмута (у той час — Арцёмаўск), Краматорска і нават далейшы рух у кірунку Харкава. Каб не дапусьціць пашырэньня межаў кантраляванай супернікам тэрыторыі, групоўкі ўкраінскіх войскаў унутры Дэбальцаўскага выступу павінны былі як мага даўжэй стрымліваць сілы праціўніка, наносячы яму максымальныя страты, якія б ліквідавалі пагрозу наступальных дзеяньняў. Таму раней за 18 лютага выводзіць украінскія падразьдзяленьні з Дэбальцаўскага пляцдарму, лічаць у Генштабе, было недарэчы.

Але калі начальнік Генштабу Віктар Мужэнка называе вывядзеньне падразьдзяленьняў з Дэбальцаўскага пляцдарму «адной з самых пасьпяховых апэрацыяў украінскай арміі», то ваенныя, якім давялося прарывацца з горада, апісваючы тыя падзеі, часта выкарыстоўваюць словазлучэньне «Дэбальцаўскі кацёл».

Украінскія вайскоўцы выходзяць зь лякарні ў Арцёмаўску, якая прымала параненых з Дэбальцаўскага пляцдарму. 18 лютага 2015 году
Украінскія вайскоўцы выходзяць зь лякарні ў Арцёмаўску, якая прымала параненых з Дэбальцаўскага пляцдарму. 18 лютага 2015 году

Галоўная ваенная пракуратура ажыцьцяўляе расьсьледаваньне ў крымінальнай вытворчасьці па факце магчымага нядбалага стаўленьня ваенных службовых асобаў у час ваеннай апэрацыі ў раёне Дэбальцава, якое пацягнула цяжкія наступствы. Падрабязнасьці гэтага расьсьледаваньня не абнародуюць.

Баі за Дэбальцава сталі другім момантам вайны на ўсходзе Ўкраіны пасьля жніўня 2014 году, калі ў баявых дзеяньнях з украінскімі сіламі бралі масавы і непасрэдны ўдзел кадравыя войскі Ўзброеных сіл Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG